Па "справе Гаюна" ёсць 78 пацверджаных фігурантаў — "Вясна"
Турма, ілюстрацыйнае фота / sb.by
Праваабаронцы цэнтра "Вясна" паведамляюць пра мінімум 78 пацверджаных фігурантаў "справы Гаюна".
Агульная колькасць людзей, затрыманых па гэтай справе значна большы. Аднак праваабаронцы падкрэсліваюць, што палітычны пераслед 78 чалавек быў цалкам верыфікаваны і пацверджаны.
Затрыманні па гэтай справе працягваюцца ў Беларусі дагэтуль. Раней паведамлялася, што ў гомельскай вобласці былі затрыманыя каля 250 чалавек, звязаных са "справай Гаюна". Затрыманым інкрымінуюць арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Таксама праваабаронцы паведамляюць, што на судах, звязаных з гэтай справай абвінавачаным прызначаюць ад "хіміі" да калоніі. Некаторым затрыманым падаўжаюць меру стрымання пад вартай на некалькі месяцаў.
"Беларускі Гаюн" — маніторынгавы праект, які адсочваў ваенную актыўнасць на тэрыторыі Беларусі падчас шырокамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны. У лютым 2025 года сілавікі атрымалі доступ да баз "Гаюна", пасля чаго яго заснавальнік Антон Матолька выступіў з адкрытым папярэджаннем і закрыў праект. Затрыманні людзей, якія дасылалі інфармацыю пра перамяшчэнне расійскай ваеннай тэхнікі па Беларусі, працягваюцца дагэтуль.