Па "справе Гаюна" арыштаваны заснавальнік арт-вёскі "Чырвоны Кастрычнік"

Кірыл Краўцоў / фота з яго старонкі на Фэйсбуку
Фігурантам "справы Гаюна" стаў вядомы жыхар Гомеля 46-гадовы Кірыл Краўцоў. Яго ўзялі пад варту ў СІЗА па абвінавачванні ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (арт.361-4 Крымінальнага кодэкса).
Як піша гомельскае выданне "Флагшток", Краўцова арыштавалі па "справе Гаюна" ў чэрвені 2025 года. На волі ў яго засталіся жонка і непаўналетнія дзеці.
Мяркуецца, што па гэтай справе ў Гомельскай вобласці затрыманыя больш за 250 чалавек, якія адпраўлялі паведамленні "Беларускаму Гаюну" аб перамяшчэнні расійскай тэхнікі па Беларусі пры наступе на Украіну.
Сёлета ў лютым сілавікі атрымалі доступ да баз "Беларускага Гаюна". Пасля гэтага яго заснавальнік Антон Матолька закрыў праект. У Беларусі некалькі месяцаў працягваюцца затрыманні людзей, якія дасылалі паведамленні "Беларускаму Гаюну".
Кірыл Краўцоў вядомы як заснавальнік унікальнай арт-вёскі "Чырвоны Кастрычнік" у Рэчыцкім раёне. Тут ён жыў, займаўся рамесніцтвам, арганізаваў сваю ганчарную вытворчасць, ладзіў фестывалі, творчыя сустрэчы. Раней ён удзельнічаў у славутай акцыі "З табурэткай да акіяна": тады група беларусаў аўтаспынам аб'ехала палову свету.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.