Зяленскі пракаментаваў "мірную прапанову" Лукашэнкі

Уладзімір Зяленскі

Уладзімір Зяленскі / president.gov.ua

Уладзімір Зяленскі іранічна пракаментаваў "добрую прапанову" аб спыненні вайны, пра якую паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

У пятніцу, 26 верасня, Лукашэнка пасля больш як пяцігадзінных перамоваў з Уладзімірам Пуціным у Крамлі заявіў, што на стале ляжыць "вельмі добрая прапанова" па Украіне з "выгаднымі ўмовамі, ухваленымі амерыканцамі". Падрабязнасці прапановы ён не агучыў, але заклікаў Зяленскага іх прыняць, каб "не страціць усю Украіну".

Адказ ад Зяленскага прагучаў 29 верасня на Варшаўскім форуме па бяспецы, дзе ўкраінскі прэзідэнт выступаў па відэасувязі.

"Мне цяпер складана рэагаваць на заявы Лукашэнкі. Ён, шчыра кажучы, жыве ў сваім свеце. Ён пабудаваў яго, ізаляваўся і жыве тры дзесяцігоддзі ў гэтым доме. Але гэта дом памерам з краіну", — прыводзіць "Зеркало" каментар Зяленскага.

Таксама ўкраінскі прэзідэнт дадаў, што хацеў бы нагадаць Лукашэнку пра суверэнітэт Беларусі: "Я б хацеў, каб ён памятаў, што ягоная краіна — незалежная. Ён жыве ў сваім свеце, але часам Пуцін прыязджае ў госці ў гэты свет. І яны там, два даволі старыя чалавекі, пра нешта размаўляюць. Таму мне складана каментаваць тое, пра што яны кажуць".

Каментар Зяленскага выклікаўі смех і апладысменты ў зале.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.