У Гомелі пачаўся суд па забойстве 23-гадовай дзяўчыны
Гомельскі абласны суд слухае справу па забойстве Марыны Аляксандравай. Абвінавачаныя — яе былы каханы і яго сябры — сямейная пара.
Як паведамляе БЕЛТА, першым суд заслухаў паказанні галоўнага фігуранта па справе Антона С. Хлопец падрабязна распавёў пра акалічнасці злачынства і прызнаў сваю віну. У бліжэйшыя дні суд дапытае абвінавачаных мужа і жонку.
Трагедыя здарылася ў ліпені 2013 года. У міліцыю з заявай аб знікненні Марыны звярнулася яе сястра. Праз суткі праваахоўнікі выявілі асноўнага падазраванага ў знікненні дзяўчыны.
Як сведчыць следства, на пачатку мінулага года 23-гадовы гамяльчук Антон С. наважыўся на забойства равесніцы, калі яна абвясціла аб расставанні. Па дапамогу ён звярнуўся да знаёмай сямейнай пары. Некалькі месяцаў абвінавачаны распрацоўваў план расправы, які здзейсніў 20 ліпеня. У гэты дзень Марына Аляксандрава прыйшла ў кватэру, куды яе запрасіла нібыта кліентка для рэпетытарства. Там жанчына набросіла на Аляксандраву хустку, а былы бойфрэнд некалькі разоў стукнуў яе малатком па галаве. Пасля забойства абвінавачаныя забралі грошы з яе сумкі. Закруціўшы цела ў дыван, яго адвезлі ў лес Веткаўскага раёна, дзе яшчэ ў красавіку Антон С. падрыхтаваў яму.
Фота — thinkstockphotos.com