У Дзяржынску мужчына гразіў пісталетам дзяўчыне, якая "падрэзала" яго аўто

У Дзяржынску на мясцовага прадпрымальніка пачалі крымінальную справу за пагрозу забойствам. Як інфармуе БелаПАН, прычынай стала банальная сітуацыя на дарозе: 24-гадовая дзяўчына на сваім аўто "падрэзала" на дарозе 38-гадовага мужчыну.

Ён стаў пераследаваць сваю "крыўдзіцельку" і небяспечным манеўрам прымусіў яе прыціснуцца да ўзбочыны і спыніцца. Мужчына груба выказаў сваё незадавальненне, а потым дастаў пнеўматычны пісталет і накіраваў яго ў бок маладой жанчыны.

Дзяўчына звярнулася з заявай у міліцыю. Цяпер прадпрымальніку пагражае пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ, або штрафу, або папраўчых работ да аднаго года, або арышту, або абмежавання волі да двух гадоў, або пазбаўлення волі на такі ж тэрмін.

Ад пачатку года на тэрыторыі Дзяржынскага раёна былі пачатыя пяць крымінальных спраў за пагрозу забойствам.

Фота — kotelnichi.info