У "дармаедкі" запісалі беларуску, якая 20 гадоў таму з'ехала ў Францыю

Жыроўка / minsknews.by
Мінчанка вымушаная аплачваць частку жыллёва-камунальных паслуг па поўным тарыфе. Усё праз тое, што яе дачку, якая 20 гадоў таму з'ехала жыць у Францыю, на радзіме занеслі ў спіс "дармаедаў". Пра гэта жанчына расказала намесніку старшыні Мінгарвыканкама Арцёму Цурану, піша агенцтва "Мінск-Навіны".
Па словах мінчанкі, дачцэ належыць невялікая доля ў кватэры. 20 гадоў таму дачка выйшла замуж за грамадзяніна Францыі і з'ехала жыць да яго. А ў Беларусі на частку камунальных паслуг ёй цяпер выстаўляюць поўны тарыф.
Намеснік старшыні Мінгарвыканкама нагадаў, што працаздольныя грамадзяне лічацца "дармаедамі", калі яны выехалі на працу не ў краіны Еўразійскага эканамічнага саюза: "У іх лік уваходзяць Расія, Казахстан, Арменія, Кыргызстан. Францыі ў гэтым пераліку няма".
Ён назваў некалькі варыянтаў рашэнняў. Напрыклад, прапанаваць дачцэ самой аплачваць сваю частку сумы за камунальныя паслугі ці ініцыяваць працэдуру аб зняцці яе з рэгістрацыі ў сувязі з пастаянным пражываннем па-за межамі Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.