У цягніках Белчыгункі цалкам забаранілі курэнне

У цягніках Белчыгункі цалкам забаранілі курэнне

У цягніках Беларускай чыгункі цалкам забаранілі курэнне. Такая норма замацаваная ў прэзідэнцкім дэкрэце №2 ад 24 студзеня 2019 года. Дэкрэтам зацверджанае Палажэнне аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці, абароту і спажывання тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў, вытворчасці, абароту і выкарыстання электронным сістэм курэння, вадкасцяў для электронных сістэм курэння, сістэм для спажывання тытуня. Пункт 35 раздзелу 11 акурат забараняе курыць у беларускіх цягніках, норма пачынае дзейнічаць ад сёння, 27 ліпеня.

Раней дазвалялася курыць у цягніках дальніх маршрутаў, дзе прадугледжаныя месцы для курэнняю. Пры гэтым на тэрыторыі Украіны і Расіі спажываць у цягніках тытунёвыя вырабы таксама цалкам забаранялася.

“Антытытунёвы” дэкрэт, які ад сёння набывае моц, уводзіць шмат новых забаронаў і абмежаванняў на продаж і спажыванне цыгарэт і іншых тытунёвых вырабаў. Напрыклад, цяпер у крамах нельга рэалізоўваць праз адкрытую выкладку не толькі цыгарэты, а любыя іншыя тавары для курцоў. З наступнага года ў буйных крамах плошчай ад 1 тысячы квадратных метраў тытунь будуць прадаваць у асобных аддзелах, а не на касах, як цяпер.

Таксама дэкрэт абавязвае ствараць “бяздымныя” зоны, дзе курэнне цалкам забароненае: гэта грамадскі транспарт і станцыі метро, ліфты, дзіцячыя пляцоўкі, а таксама прыватныя аўтамабілі, калі ў салоне прысутнічаюць дзеці да 14 гадоў.

Ва ўстановах культуры, адукацыі, аховы здароўя, на гандлёвых аб’ектах, у будынках органаў дзяржаўнай улады і на шэрагу іншых аб’ектаў курыць можна толькі ў спецыяльна адведзеных месцах, паведамляе БЕЛТА.