У цэнтры Мінска з'явіцца яшчэ адна платная паркоўка
Яе арганізуюць на вуліцах Рэвалюцыйнай, Камсамольскай, Інтэрнацыянальнай, якія цяпер перапоўненыя аўтамабілямі.
У цэнтры Мінска з 11 траўня з'явіцца новая платная паркоўкаў. Уладальнікам аўто давядзецца заплаціць за паркоўку на вуліцах Рэвалюцыйнай, Камсамольскай, Інтэрнацыянальнай.
Гэты гістарычны квартал перапоўнены запаркаванымі аўтамабілямі. Вядомы мінскі фатограф Антон Матолька неаднаразова дасылаў у мінскую ДАІ фотаздымкі з названых вуліц, каб праілюстраваць, што аўтамабілісты там паркуюцца, парушаючы правілы.
Як інфармуюць "Мінск-Навіны", тут прадугледжана арганізаваць 694 машына-месцы. Кошт паркоўкі будзе складаць 10 тысяч рублёў за 1 гадзіну. Прымаць аплату будуць паркаматы, якія працуюць на сонечных батарэях. Прычым да 16 чэрвеня заплаціць можна будзе толькі наяўнымі грашыма. А потым пачне дзейнічаць аплата з дапамогай банкаўскіх пластыкавых картак.
Плануецца таксама, што ў новай зоне платнай паркоўкі будуць дзейнічаць ўсе тыя ж спосабы аплаты, як і на іншых сталічных аўтаматызаваных паркоўках: праз адпраўку SMS, USSD-запытаў і набыццё картак паркоўкі.
Фота — minsknews.by