У Брэсцкім гарнізоне пачалі крымінальную справу за "дзедаўшчыну"

У Брэсцкім гарнізоне пачалі крымінальную справу за "дзедаўшчыну"

У Брэсцкім гарнізоне пачалі крымінальную справу на вайскоўца тэрміновай службы за нестатутныя адносіны. Пра гэта 10 лютага паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны.

Паводле інфармацыі прэс-службы, два вайскоўцы за парушэнне вайсковай дысцыпліны атрымалі спагнанні, але самавольна пакінулі вайсковую часць. Іх затрымалі, і камандзір часці прызначыў праверку, якая праводзілася з 4 лютага 2016 года. Падчас праверкі і выявіўся факт нестатутных адносінаў, якія дапусціў адзін з іх саслужыўцаў, які праходзіць тэрміновую службу.

Назва часці і пацярпелыя ў інфармацыі Мінабароны не называюцца. Аднак агенцтва БелаПАН мяркуе, што гаворка ідзе пра 38-ю асобную мабільную брыгаду. Менавіта ў ёй, як паведамляецца, два вайскоўцы на пачатку лютага самавольна пакінулі часць з прычыны нестатутных адносінаў.