"Белсат" пакажа апошнія інтэрв'ю Мелказёрава і навагодні канцэрт з яго ўдзелам
Мікіта Мелказёраў / Еўрарадыё
Тэлеканал "Белсат" пакажа вялікі навагодні канцэрт з удзелам Мікіты Мелказёрава і яго апошнія інтэрв'ю, запісаныя на мінулым тыдні для праекта "Мова нанова". У тым ліку будзе паказаная і святочная размова з Лявонам Вольскім. Пра гэта расказала галоўная рэдактарка канала Аліна Коўшык.
"Мы прынялі рашэнне паказаць усе гэтыя выпускі ў эфіры. З павагі і памяці — нічога не мяняць у сцэнары. Працягнуць справу, якой жыў Мікіта. Таму ў навагоднюю ноч ён таксама будзе з намі. Светлая памяць", — дадае яна.
Мелказёраў раптоўна пайшоў з жыцця ўночы на 21 снежня. Сябры блогера кажуць пра праблемы з сэрцам. Дакладнай інфармацыі пра прычыны смерці пакуль што няма.