У Беларусі пахаладае ў панядзелак
Праўда, тэмпература паветра 5 студзеня не апусціцца ніжэй за 6 градусаў марозу.
Пахаладанне прыйдзе ў Беларусь у пачатку наступнага тыдня. А ў навагоднюю ноч пачалося кароткае пацяпленне, распавяла БЕЛТА галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Святлана Рыбакова.
2-3 студзеня на большай частцы тэрыторыі нашай краіны пройдуць ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Чакаецца слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе ад мінус 3 да плюс 3 градусаў, месцамі будзе да 4 градусаў цяпла. 2 студзеня месцамі, а 3 студзеня ў многіх раёнах Беларусі будзе моцны парывісты вецер.
У нядзелю, 4 студзеня, крыху падмарозіць. На працягу сутак тэмпература паветра складзе ад мінус 4 да плюс 2 градусаў. Амаль па ўсёй краіне чакаюцца ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу. На асобных участках дарог будзе галалёдзіца.
У пачатку наступнага тыдня пачнецца пахаладанне. 5 студзеня тэмпература паветра на працягу сутак будзе вагацца ад нуля да мінус 6 градусаў.
Фота: Fotolia