У Беларусі моцна скарацілася колькасць навукоўцаў — менш было толькі ў 60-е гады

У жніўні 2020 года каля тысячы супрацоўнікаў Акадэміі навук падпісалі петыцыю супраць гвалту / naviny.by
Колькасць навукоўцаў у Беларусі у мінулым годзе імкліва скарацілася і дасягнула па выніках года рэкорднага паказчыка ў 18 355 чалавек, піша палітолаг, дырэктар інстытута "Палітычная сфера" Андрэй Казакевіч.
"Гэта мінімальны ўзровень спецыялістаў, занятых у даследчым сектары, за ўвесь перыяд незалежнасці і два апошнія дзесяцігоддзі ў складзе БССР", — адзначае ён.
Менш даследчыкаў, чым у 2020 годзе, у Беларусі было толькі да 1968 года. Уражваюць і тэмпы скарачэння колькасці даследчыкаў. Летась у параўнанні з 2019-м навукоўцаў стала менш амаль на паўтары тысячы (мінус 7,4%). Такім чынам быў пабіты "сумны рэкорд 2014 года (-6,3%)", адзначае Андрэй Казакевіч.
"І гэта самае рэзкае падзенне ў сектары з 1995 года (-9,5%)", — нагадвае ён. Паводле яго прагнозаў, 2021 год таксама "нічога добрага для даследчага сектара не абяцае".

Частка навукоўцаў вымушаная была сысці з прафесіі на хвалі пратэстаў. Так, да прыкладу, мінулай восенню кіраўніцтва Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук не падоўжыла кантракты сямі навукоўцам. Яшчэ пяцёра заявілі, што звальняюцца ў знак салідарнасці з калегамі. Кіраўніцтва інстытута ў сваю чаргу тлумачыла звальнення рэарганізацыяй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.