35-гадовы беларускі фізік трапіў у спіс самых цытаваных навукоўцаў свету

Віктар Асадчы / t.me/BelarusScience
Беларускі фізік Віктар Асадчы ўвайшоў у топ-2% самых цытаваных навукоўцаў свету па выніках 2024 года, піша тг-канал "Беларуская навука". Рэйтынг, які грунтуецца на базе Scopus, складаюць даследчыкі Стэнфардскага ўніверсітэта (ЗША) і выдавецтва Elsevier.
Асадчы нарадзіўся ў 1990 годзе ў Гомелі, скончыў універсітэт імя Ф. Скарыны. Працаваў постдактарантам у Стэнфардскім універсітэце. Асноўнае яго месца працы — Універсітэт Аалта (Фінляндыя).
Летась ён атрымаў ад Фінскага фонду садзейнічання тэхналогіям прэмію "Малады навуковец 2024 года".
Віктар Асадчы займаецца распрацоўкай метадаў кіравання святлом. У 2024-м ён з калегамі паведаміў аб прарыўной распрацоўцы рэалістычных фатонных крышталёў часу, якія здольныя экспанентна ўзмацняць святло.
Агулам па выніках 2024 года ў топ-2% самых цытаваных навукоўцаў свету трапілі 15 беларусаў, чыім месцам працы пазначаныя ўстановы з Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.