У Беларусь прыедзе прадстаўніца АБСЕ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч
У Мінску 3 чэрвеня пройдзе семінар-трэнінг для беларускіх журналістаў "Інтэрнэт-СМІ: свабода, прафесіяналізм і ўстойлівае развіццё".
Ладзяць гэтае мерапрыемства Офіс Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ разам з Міністэрствам замежных спраў Беларусі ды іншымі зацікаўленымі ведамствамі.
Як інфармуе прэс-служба БАЖ, арганізатары плануюць запрасіць да ўдзелу ў мерапрыемстве прадстаўнікоў як дзяржаўных, так і недзяржаўных СМІ. Трэнерамі на семінары выступяць украінскія эксперты.
Нагадаем, што мінулым разам прадстаўніца АБСЕ па свабодзе СМІ наведвала Беларусь у кастрычніку 2010 года. Тады яна ўдзельнічала ў круглым стале на тэму развіцця беларускага сегменту інтэрнэт, які ладзіла Бюро АБСЕ сумесна з Мінінфармацыі. Акрамя таго, яна сустрэлася з кіраўніцтвам БАЖ, журналісткамі Наталляй Радзінай, Ірынай Халіп, Марынай Коктыш і Святланай Калінкінай і іншымі вядомымі асобамі. Пасля гэтага прадстаўніца АБСЕ некалькі разоў атрымлівала адмову ў беларускай візе.
Фота — svaboda.org