У бабруйскай краме прадавалі гародніну, пратэрмінаваную на два гады
Крама "Прадукты" ў Бабруйску / Яндэкс.Карты
Больш за 70 відаў прадуктаў, якія стваралі пагрозу здароўю і жыццю пакупнікоў, выявілі ў крамах арганізацыі "ПрадуктОптГрант". Там адбылася пазапланавая праверка, паведамляе прэс-служба Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ).
Прадукты з пратэрмінаванымі тэрмінамі прыдатнасці знялі з прылаўкаў прадуктовых крамаў па адрасах: вуліца Арлоўскага, 25а і вуліца Гогаля, 202. Напрыклад, там прадаваліся мясныя паўфабрыкаты, якія двойчы "перажылі" свае тэрміны прыдатнасці. У плодаагароднінных кансерваў тэрмін прыдатнасці скончыўся каля двух гадоў таму, у карамелі і жавальных гумак — больш за паўтара года, у алею — больш за дзевяць месяцаў, кажуць у МАРГ.
Таксама кантралёры забаранілі прадаваць у гэтых крамах больш за 70 найменняў харчовых тавараў, якія не мелі звестак пра дату вырабу і тэрмін прыдатнасці. Гэта былі пераважна мучныя кандытарскія вырабы, мясныя паўфабрыкаты, крупы, вэнджаніна.
Знайшліся там і іншыя парушэнні. Напрыклад, у крамах не было спісу тавараў, якія абавязкова павінны былі тут прадавацца, дый сам пералік не выконваўся. Цэннікі былі аформленыя неналежным чынам, а то і зусім адсутнічалі. Не было ніякіх даных на фасаваных таварах, не выконваліся ўмовы захоўвання прадуктаў.
У МАРГ падкрэсліваюць, што ў краме "Прадукты" на вуліцы Арлоўскага такія парушэнні сёлета знаходзілі ўжо двойчы. Але кіраўніцтва не выпраўляе іх.
Гэтыя дзве крамы зачынілі на два тыдні, каб яны навялі парадак.