У бабруйскага галадоўніка здарыўся гіпертанічны крыз
Таму Генадзь Лабачоў спыніў удзел у галадоўцы.
У Бабруйску працягваецца галадоўка пратэсту. Чатыры звольненыя работнікі Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў дамагаюцца аднаўлення на прадпрыемстве. Сябры Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікалай Жыбуль, Аляксандр Грамыка, Аляксандр Варанкін і Алег Шаўчэнка лічаць, што іх звольнілі за прыналежнасць да незалежнага прафсаюзу.
У аўторак галадоўнікі зноў выйшлі на плошчу Леніна да гарвыканкаму. Акрамя таго, іх выклікалі ў міліцыю. Як паведамляе Радыё "Свабода", там галадоўнікаў апытвалі, хто арганізаваў і фінансуе акцыю.
На 12 лістапада актывістаў запрасілі на прыём да старшыні гарвыканкаму.
Да акцыі пратэсту далучыліся дзве жанчыны — работніца заводу Аксана Кернажыцкая і супрацоўніца раённай бібліятэкі Святлана Грыцэнка.
А вось Генадзь Лабачоў, які раней далучыўся да акцыі, спыніў удзел у галадоўцы праз гіпертанічны крыз. У заводскім медпункце ў яго выявілі высокі ціск.
Ілюстрацыйнае фота — kprf102.ru