У акваторыі Чорнага мора пацярпеў крушэнне сухагруз “Героі Арсенала”
Раніцай 19 красавіка ў акваторыі Чорнага мора ў раёне керчанскай пераправы пацярпеў крушэнне і цалкам патануў сухагруз “Героі Арсенала”. На яго борце знаходзіліся 12 чалавек (дзевяць украінцаў, двое расіян і адзін грузін), 11 з іх зніклі без вестак, інфармуе РІА “Новости”.
Вядома, што сухагруз ішоў пад сцягам Панамы з Растоўскай вобласці Расіі ў Турцыю з грузам збожжа. Першымі сігнал SOS прынялі расійскія памежнікі. У раён крушэння накіравалі ратавальныя караблі і авіяцыю. Удалося выратаваць аднаго з маракоў, у яго моцнае пераахалоджванне (тэмпература вады складала 7-8 градусаў), стан вельмі цяжкі. Ратавальнай аперацыі перашкаджаюць складаныя ўмовы надвор'я.