У аэрапортах Масквы забаранілі пераапранацца ў прыбіральнях і сядзець на падлозе

У аэрапортах Масквы забаранілі пераапранацца ў прыбіральнях і сядзець на падлозе

Дэпутаты Маскоўскай абласной думы прынялі закон, які дадае ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях рэгіёну артыкул "Парушэнне правілаў карыстання аэравакзальнага комплексу". 

"Пакуль правілы распаўсюджваюцца на аэрапорты Дамадзедава, Шарамеццева і Жукоўскі. Яны былі прапанаваны і Унукаву, але пакуль што канчатковага рашэння ад яго адміністрацыі няма" — цытуе РБК заяву старшыні Камітэта па пытаннях транспартнай інфраструктуры, сувязі і інфарматызацыі Масаблдумы Алега Грыгор'ева.

Новы закон уводзіць для наведвальнікаў аэрапортаў мноства забаронаў. Напрыклад, пасажырам у чаканні вылету забараняецца класціся на крэслы, лаўкі, прыступкі і падлогу. На падлогу і прыступкі таксама забаронен сядаць. 

Штраф чакае кожнага, хто паставіць сумку на сядзенне крэсла ў зале чакання або апусціць яе на прыступку эскалатара. Па эскалатарах забараняецца бегаць, нават калі вы спазняецеся на рэйс, а па выключаных эскалатарах забаронена нават хадзіць. 

Дэпутаты вырашылі, што па тэрыторыі аэрапорта нельга перамяшчацца на ролікавых каньках, самакатах, роварах, монацыклах і гіраскутарах, а таксама "верхам на жывёлах". Пад забарону трапіла таксама праслухоўванне радыё ці музыкі без навушнікаў ці знаходжане ў аэравакзале ў бруднай вопратцы або з кепскім пахам альбо з такім жа багажом ці іншымі прадметамі. 

Асобны пункт уведзены супраць бяздомных: забараняецца знаходзіцца ў аэрапорце (за выключэннем гатэляў і капсульных гатэляў) даўжэй за сутку, калі ў чалавека няма квітка. 

Яшчэ адна забарона — на "купанне або прыём душа, а таксама мыццё і перапрананне ў месцах, не прызначаных для гэтых мэтаў".