Трох футбольных арбітраў адхіляць ад судзейства матчаў вышэйшай лігі
На бліжэйшы час ад судзейства гульняў у вышэйшай лізе будуць адхіленыя арбітры, якія дапусцілі грубыя памылкі ў матчах 4-га тура футбольнага чэмпіянату краіны. Пра гэта заявіў дырэктар дэпартамента судзейства і інспектавання асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" Андрэй Жукаў.
Паводле інфармацыі БЕЛТА, гаворка ідзе пра Андрэя Дзівакова (ён судзіў матч "Граніт" — "Тарпеда-БелАЗ"), Дзяніса Шчарбакова (БАТЭ — "Дынама", Мінск) і Міхаіла Лаўскага ("Гарадзея" — "Нафтан"). Паведамляецца, што ва ўсіх гэтых сустрэчах арбітры дапусцілі сур'ёзныя промахі, якія паўплывалі на падзеі на полі.
Таксама Жукаў заявіў, што за сімуляцыю ў штрафной пляцоўцы можа быць пакараны паўабаронца мінскага "Дынама" Глеб Расадкін, бо пасля гэтага быў прызначаны пенальці ў вароты барысаўскага БАТЭ. Але гэта адбудзецца, калі будзе афіцыйны рапарт ад БАТЭ або арбітра. Галоўным арбітрам сустрэчы паміж БАТЭ і мінскім "Дынама" быў Сяргей Цынкевіч, але рашэнне аб пенальці ён прыняў паводле патрабавання Дзяніса Шчарбакова, які працаваў дадатковым суддзёй за варотамі. Таму нездавальняючую ацэнку атрымаў менавіта Шчарбакоў.