Толькі цяпер людзей пачалі выклікаць на допыты па справе Мельнікавай — журналіст

Анжаліка Мельнікава / Еўрарадыё
Толькі пасля публікацыі ў выданні Polityka супрацоўнікі ABW (Agencja Bezpieczenstwa Wewnetrznego, Агенцтва ўнутранай бяспекі) пачалі выклікаць людзей на допыты па справе зніклай Анжалікі Мельнікавай. Пра гэта заявіў адзін з аўтара журналісцкага расследавання Павел Рэшка.
"Як мы толькі даведаліся з добрых крыніц, першыя людзі сталі выклікацца на допыты. Праз два з паловай месяцы пасля ад'езду Анжалікі, праз паўтара пасля заявы аб знікненні!" — напісаў Рэшка на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Ён нагадвае, што Мельнікава мела польскае грамадзянства, атрыманае ад мазавецкага ваяводы. Перад наданнем грамадзянства ваявода мусіў звярнуцца да ABW і паліцыі з пытаннем, ці не пагражае гэта бяспецы абароны дзяржавы. "Відаць, пагрозы не было. Варта ўдакладніць, ці не ўяўляе яе знікненне такой пагрозы", — канстатуе Рэшка.
Журналісцкае расследаванне Polityka апублікавала 6 траўня. У ім сцвярджалася, што спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава 26 лютага вылецела з Варшавы ў Лондан, адкуль неўзабаве адправілася ў Шры-Ланку. Паводле аўтараў расследавання, у Мельнікавай мог быць раман з мужчынам з Беларусі, які называўся спартоўцам. Журналісты падазраюць, што гэта мог быць агент КДБ.
Пазней адзін з аўтараў расследавання Цімур Алеўскі анансаваў выхад другой часткі расследавання. Ён заявіў, што зніклая спікерка КР не засталася ў Шры-Ланцы, а паляцела далей, але адмовіўся ўдакладніць яе маршрут.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.