Мельнікава прыляцела на Шры-Ланку з дзецьмі, потым лятала яшчэ — расследавальнік

Анжаліка Мельнікава / фота з яе старонкі ў Фэйсбуку
Зніклая спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава адправілася з Лондана на Шры-Ланку з дзецьмі, а адтуль вылецела далей. Пра гэта ў эфіры "Белсата" расказаў Цімур Алеўскі — адзін з аўтараў расследавання пра Мельнікаву, якое выйшла ў польскім часопісе Polityka.
Паводле Алеўскага, неўзабаве выйдзе другая частка расследавання. Там будзе расказвацца пра перамяшчэнні Мельнікавай з Варшавы ў тое месца, дзе яна цяпер знаходзіцца. "Мы думаем, што мы з вялікай доляй упэўненасці ведаем дзе. Яна перамяшчаецца, па-першае. Па-другое, мы, на жаль, не разумеем дасюль матывы яе ўчынкаў. Сёння гэта асноўнае пытанне", — падкрэсліў Алеўскі.
Ён не назваў месца, дзе можа быць зніклая спікерка КР, бо гэта можа вельмі моцна паўплываць на яе лёс.
Раней у расследаванні Polityki паведамлялася, што Мельнікава паляцела на Шры-Ланку, і гэта быў не першы яе візіт у гэтую краіну. Раней яна там, нібыта, бавіла час у кампаніі спартоўца з Беларусі. Выданне мяркуе, што гэта мог быць агент КДБ, які вывез жанчыну ў Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.