Мельнікава з Лондана вылецела на Шры-Ланку і магла трапіць у пастку спецслужбаў

Анжаліка Мельнікава

Анжаліка Мельнікава / Еўрарадыё

Зніклая спікерка Каардынацыйнай рады (КР) Анжаліка Мельнікава можа знаходзіцца ў Беларусі. Пра гэта піша ў сваім расследаванні польскае выданне Polityka.

Паводле звестак выдання, 26 лютага Мельнікава вылецела з Варшавы ў Лондан, а там перасела на самалёт да Шры-Ланкі. Пра гэта журналістам паведамілі дзве незалежныя крыніцы. Раней яна ўжо адпачывала ў гэтай дзяржаве: у студзені 2024 года яна "бавіла там час у кампаніі мужчыны".

Выданне спасылаецца на неназваную сяброўку Мельнікавай, якая нібыта паведаміла, што спікерка КР паказвала ёй фатаграфіі мужчыны і "яго заручальны пярсцёнак". Нібыта яна казала, што "ён з Беларусі, спартовец і што яна закаханая ў яго". Пра знаёмства з гэтым мужчынам яна не казала "калегам па апазіцыі", бо ён пражывае ў Беларусі, што магло выклікаць занепакоенасць у актывістаў.

У публікацыі сцвярджаецца, што гэты мужчына мог быць супрацоўнікам беларускага КДБ. "Апошняя паездка на Шры-Ланку аказалася пасткай, падрыхтаванай спецслужбамі. З вострава можна лёгка дабрацца да Расіі, а затым да Беларусі. Існуюць рэгулярныя і чартарныя рэйсы. Магчыма, Мельнікава села ў адзін з гэтых самалётаў — па ўласнай волі, прымусова або пад шантажом", — канстатуе Polityka.

Выданне звяртае ўвагу на тое, што ў Беларусі жыве маці Мельнікавай і туды вярнуліся яе дочкі. Яны жылі з бабуляй, пакуль у Польшчы Мельнікава займалася атрыманнем фінансавання для апазіцыі. Муж спікеркі КР таксама рэгулярна ездзіў на радзіму.

Таксама гаворыцца, што на пачатку 2025 года Мельнікава выглядала прыгнечанай і мала клапацілася пра сваю знешнасць. На яе дзень народзінаў 12 лютага сяброўка выпадкова забрала яе iPhone. "Анжаліка запанікавала. Яна папрасіла адвезці яе ў дом той дзяўчыны. Сведка інцыдэнту распавёў, што, як толькі яна атрымала свой тэлефон назад, яна скінула ўсе налады да заводскіх", — гаворыцца ў публікацыі.

Таксама сцвярджаецца, што Мельнікава на пачатку 2025-га прадала машыну, якая належала яе былому мужу.

Пасля яе адлёту з Варшавы былы муж выехаў з кватэры, у якой яны працягвалі жыць разам пасля разводу. У ноч з 1 на 2 сакавіка ён сабраў рэчы, а 3 сакавіка перасёк мяжу з Беларуссю.

12 сакавіка на рахунак фонду Мельнікавай прыйшоў грант, а неўзабаве грошы былі знятыя — 118 тысяч еўра.

У працоўным Zoom Мельнікава з'явілася апошні раз 21 сакавіка і выглядала стомленай. Абяцала быць на офісе НАУ 24 сакавіка, але не з'явілася.

Выданне спасылаецца на словы Паўла Латушкі, што апошняе тэкставае паведамленне ад Мельнікавай прыйшло 25 сакавіка ў 6:05 раніцы. "Яна напісала, што не прыйдзе на [Варшаўскі] Марш Свабоды. Праўда, Марш Свабоды адбыўся на два дні раней", — сказаў Латушка. На яго думку, Мельнікава ведала пра дату марша. З гэтага аўтары расследавання робяць выснову, што паведамленне дасылала не Мельнікава.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.