Тэлеканал "Беларусь 1" паказаў аператыўныя здымкі па дагаворных матчах

Тэлеканал "Беларусь 1" паказаў аператыўныя здымкі па дагаворных матчах

У праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1" 14 жніўня з'явіўся сюжэт пра дагаворныя футбольныя матчы ў Беларусі. Там упершыню паказалі аператыўныя здымкі з удзелам прадстаўнікоў клуба "Іслач".

На мінулым тыдні вялікі розгалас выклікаў скандал з дагаворным матчам паміж клубамі "Іслач" і "Дынама-Брэст".

У тэлесюжэце распавядалася, як прадстаўнік трэнерскага штаба "Іслачы" дамаўляўся з расійскімі бізнэсоўцамі наконт пройгрыўшу брэсцкай камандзе. Гэтыя моманты трапілі на відэа. Таксама на аператыўных здымках бачна, як трэнер пасля перамоваў з расіянамі падыходзіць да гульца сваёй каманды.

У тэлесюжэце паведамлялася, што стаўка ў 30 тысяч еўра на перамогу брэсцкага "Дынама" ў матчы з "Іслаччу" магла прынесці арганізатарам дагаворнага матча 240 тысяч — каэфіцыент на гэтую падзею быў роўны васьмі.

Як адзначае tribuna.com, на відэа можна ўбачыць чалавека, падобнага да экс-галкіпера "Іслачы" Аляксандра Будакова.