Тэлефонны "пірат" з Барысава нанёс "Белтэлекаму" страты на 2,8 млрд рублёў

Упраўленне Следчага камітэта па Мінскай вобласці завяршыла расследаванне крымінальнай справы супраць гендырэктара аднаго з прыватных прадпрыемстваў Барысава. Як інфармуе БЕЛТА, мужчына незаконна прадастаўляў абанентам платныя паслугі міжнароднай тэлефоннай сувязі. 

Па словах следчых, гендырэктар парушыў манаполію РУП "Белтэлекам" на аказанне паслуг тэлефаніі па IP-пратаколу. Скарыстаўшы спецыяльнае абсталяванне, прызначанае для пераўтварэння тэлефоннага сігналу, гендырэктар выступіў у ролі пасярэдніка па дастаўцы міжнароднага галасавога трафіку ў Беларусь. За паўгода ён незаконна атрымаў даход у суме больш як 41 тысяча долараў. "Белтэлекам" ад дзеянняў службовай асобы страціў больш за 2,8 млрд рублёў, не атрымаўшы плацяжы ад міжнародных аператараў сувязі.

Акрамя таго, пры ператрусе дома ў фігуранта справы знайшлі і канфіскавалі незарэгістраваную агнястрэльную зброю.

Цяпер ён праходзіць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: незаконнае набыццё, захоўванне і нашэнне агнястрэльнай зброі; прычыненне шкоды з дапамогай здабыцця маёмасных выгод у выніку падману, злоўжывання даверам пры адсутнасці прыкмет крадзяжу, здзейсненае ў буйным памеры; злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі; прадпрымальніцкая дзейнасць, спалучаная з атрыманнем прыбытку ў асабліва буйным памеры.

Крымінальная справа гендырэктара перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд.

Фота — cit.ua