Сёння "Крумкачы" згуляюць у Мінску з "Гарадзеяй"

У суботу, 7 траўня, стартуе шосты тур чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе, пройдуць чатыры матчы. У Брэсце мясцовае "Дынама" будзе прымаць мазырскую "Славію", якая вельмі няўдала гуляе ў апошніх турах і галоўнаму трэнеру Юрыю Пунтусу, верагодна, пагражае адстаўка. Матч пачнецца а 15-й гадзіне. У Бабруйску "Белшына" сустрэнецца з гродзенскім "Нёманам", гульня пачнецца ў 16.00.
На стадыёне футбольнага клуба "Мінск" "Крумкачы" згуляюць з "Гарадзеяй", пачатак а 18-й гадзіне. Мікашэвіцкі "Граніт" у Лунінцы сустрэнецца з салігорскім "Шахцёрам", пачатак у 17.00.
Яшчэ чатыры матчы тура пройдуць 8 траўня. У чэмпіянаце лідыруе БАТЭ — 13 ачкоў, "Мінск" і "Іслач" маюць па 10, мінскае "Дынама" — 9, "Тарпеда-БелАЗ" і "Крумкачы" — па 8 ачкоў.