Сёння футбалісты мінскага "Дынама" і "Шахцёра" згуляюць у еўракубках

У чацвер, 7 ліпеня, футбалісты мінскага "Дынама" і салігорскага "Шахцёра" згуляюць у еўракубках. Яны правядуць другія матчы 1-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі Еўропы.
Мінскае "Дынама" ў Юрмале згуляе з мясцовым "Спартаком", пачатак у 19.00 паводле беларускага часу. У першым матчы дынамаўцы перамаглі з лікам 2:1.
Салігорскі "Шахцёр" на сваім полі прыме "Рунавік" з Фарэрскіх астравоў. Жывая трансляцыя запланаваная на тэлеканале "Беларусь 5", пачатак у 20.55. У першым матчы гарнякі выйгралі з лікам 2:0.
У выпадку выхаду ў 2-гі кваліфікацыйны раўнд супернікам мінскага "Дынама" стане ірландскі "Сэнт-Патрыкс", які па суме дзвюх сустрэч за кошт гола на чужым полі прайшоў "Жэнес Эш" з Люксембурга (1:0 і 1:2). Салігорскі "Шахцёр" у наступным раўндзе можа згуляць з пераможцам пары "Лузітанас" (Андора) — "Дамжале" (Славенія).