Сёлета сярэдні заробак у Беларусі знізіўся на 266 рублёў
Сярэдні заробак знізіўся пасля росту ў канцы года / Euroradio
Сярэдні заробак у Беларусі ў студзені 2025-га знізіўся на 266,5 рубля. Гэта вынікае з даных, апублікаваных Белстатам. Намінальная налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў у мінулым месяцы склала 2427,4 рубля. У снежні 2024-га яна складала 2693,9 рубля.
У мінулым годзе сярэдні заробак у РБ рос з лютага, пасля ў канцы лета і ў пачатку восені ён зніжаўся, а ў кастрычніку вырас. У лістападзе зноў знізіўся, а ў снежні традыцыйна вырас.
У Мінску сярэдні заробак склаў 3332 рублі (у сталіцы падзенне яшчэ больш прыкметнае — мінус 460 рублёў), у Мінскай вобласці — 2444. Самы малы заробак у Віцебскай вобласці — 1996,7 рубля.
Больш за ўсё зарабляюць у сферы ІТ (5982 рублі), фінансавай дзейнасці (4221 рубель) і навукі (2928 рублёў).