Сям'я "БЧБ-дэпутата" з Росі просіць дапамогі

"Дзякуй за дапамогу". На фота — малодшыя сем'і Дзядзюшкаў / "Інстаграм"
"Дзякуй за дапамогу". На фота — малодшыя сем'і Дзядзюшкаў / "Інстаграм"

Сям'я "БЧБ-дэпутата" Георгія Дзядзюшкі з гарадскога пасёлка Рось просіць дапамогі. У верасні Дзядзюшку затрымалі па падазрэнні ў хабарніцтве — Еўрарадыё падрабязна пісала пра тое, як гэта адбылося.

У сям'і Дзядзюшкаў — шасцёра дзяцей. Цяпер усе матэрыяльныя выдаткі ляглі на плечы шматдзетнай маці.

Семья “БЧБ-депутата” из Росси просит помощи
Георгій і Мая Дзядзюшкі з дзецьмі / Еўрарадыё

— Прадуктамі нам часам дапамагаюць з INeedHelpBy [ініцыятыва неабыякавых беларусаў з ЗША, якія займаюцца адраснай дапамогай прадуктамі харчавання суайчыннікам з Беларусі. — Еўрарадыё]. А так пастаянныя расходы: на камуналку, на крэдыты, якія засталіся на мужу, на памперсы, на адваката, — расказвае Еўрарадыё Мая Дзядзюшка. — Праз пару дзён пасля артыкула на Еўрарадыё прыязджала дзяўчына з Мінска. Дапамагла грашыма, дзецям цацкі прывезла. Але ні адзін фонд нам яшчэ не дапамог.

Быў момант, калі грошай не было зусім. Тады Мая стварыла старонку ў "Інстаграме", каб сабраць хоць колькі. Нашы слухачы папрасілі нас звязацца з ёй, каб даведацца, ці не ашуканцы гэта. Пацвярджаем — старонка сапраўдная.

Семья “БЧБ-депутата” из Росси просит помощи
Старонка ў "Інстаграме" сям'і Дзядзюшкаў

Былы дэпутат і дырэктар камбікормавага завода з Ваўкавыскага раёна, які адмовіўся збіраць подпісы за Лукашэнку падчас выбарчай кампаніі, Георгій Дзядзюшка цяпер знаходзіцца ў гродзенскай турме. Нягледзячы на тое, што ён — адзіны карміцель сям'і, у якой шасцёра дзяцей, яго блізкія не могуць дамагчыся змены меры стрымання.

— Нанялі новага адваката, таму што мінулая адвакатка не працавала з ім абсалютна, ніякіх зрухаў не было. А новы адвакат дагэтуль не можа атрымаць справу: нібыта следчы на бальнічным. Але ўжо два тыдні прайшло, і дагэтуль цішыня. Матывуюць тым, што следчага няма: "Мы не можам даць вам справу", — расказвае Еўрарадыё брат Георгія.

Семья “БЧБ-депутата” из Росси просит помощи
Ліст дадому ад Георгія Дзядзюшкі / Еўрарадыё

Пакуль Георгій быў у зняволенні, яго звольнілі з працы.

— Яму ў турму прынеслі паперу пра тое, што яго звальняюць па заканчэнні тэрміну кантракта. Ён цяпер тамсама, у Гродзенскай турме. Нам наогул нічога не кажуць, мы нічога не ведаем пра тое, як ён там, — кажа жонка Георгія Мая.

Звязацца з сям'ёй Дзядзюшкаў можна ў "Інстаграме" ці напісаць у "Тэлеграм" Еўрарадыё @euroradio_minsk.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.