Сямейную пару мінчукоў падазраюць у выманьваньні крэдытаў
Упраўленне Следчага камітэта па Мінску расследуе крымінальную справу супраць сям'і Сяргея і Вікторыі Крэнцікаў. Іх падазраюць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і выманьваньні крэдытаў у банка, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта. Мужу 29 гадоў, жонцы — 27.
Следства выявіла, што маладыя людзі былі кіраўнікамі таварыства з абмежаванай адказнасцю. Рэквізіты гэтай фірмы яны выкарыстоўвалі для прыкрыцця супрацьпраўнай дзейнасці.
ЯНы давалі грамадзянам заведама ілжывыя даведкі аб даходах для падачы ў банк. Потым людзі афармлялі крэдыты і перадавалі атрыманыя грошы Крэнцікам па дамове пазыкі пад працэнты.
У некаторых выпадках, як інфармуе следства, сямейная пара пазычала грошы ў людзей наўпрост, не звяртаючыся да банкаў.
Цяпер следчыя выявілі 17 эпізодаў выманьвання крэдытаў у адным з банкаў і некалькі дзясяткаў дамоваў пазык з фізічнымі асобамі. Сума незаконна атрыманых крэдытаў склала больш за 120 000 "новых" рублёў (1,2 млрд недэмінаваных рублёў).
Следства мяркуе, што эпізодаў незаконнай дзейнасці можа быць больш і просіць звяртацца па тэлефонах 8 (017) 395-50-26, 8 (044) 500-31-11.