Супраць дырэктара "Цэнтра моладзевых падарожжаў" пачалі крымінальную справу
Яго падазраюць у тым, што ён ашукаў людзей на 600 тысяч долараў.
Генпракуратура Беларусі распачала крымінальную справу за махлярства ў асабліва буйным памеры. Па ёй праходзіць дырэктар сумеснага прадпрыемства "Цэнтр моладзевых падарожжаў".
Як інфармуе БелаПАН, са снежня 2012-га да студзеня 2014 года ён заключыў дамовы на аказанне кансультацыйна-інфармацыйных паслуг больш чым з 400 грамадзянамі, пераважна студэнтамі. Дырэктар мусіў арганізаваць удзел кліентаў у праграмах міжнароднага культурнага абмену. Аднак гэтага не зрабіў.
БЕЛТА дадае, што зламыснік завалодаў больш чым 600 тысячамі долараў, якія пералічылі людзі. Сам ён цяпер хаваецца ў замежжы. Папярэднім расследаваннем справы зоймецца Следчы камітэт.