Стаўленік міністра спорту будзе кіраваць беларускім футболам

Сергей Ковальчук и Евгений Булойчик

Міністр спорту Беларусі Сяргей Кавальчук (злева) і Яўген Булойчык / noc.by

У Доме футбола прайшлі выбары новага старшыні Беларускай федэрацыі футбола. Перамогу атрымаў стаўленік міністра спорту — Яўген Булойчык. Андрэй Талмач зняў сваю кандыдатуру на пасаду Старшыні АБФФ на карысць Яўгена Булойчыка. Тыднем раней сваю кандыдатуру зняў першы намеснік Мікалая Шарснёва Андрэй Васілевіч.

Такім чынам, былы ахоўнік Аляксандра Лукашэнкі падмяў пад сябе апошняе буйное і фармальна незалежнае спартыўнае аб’яднанне ў Беларусі. Якое, да таго ж, штогод атрымлівае ад УЕФА каля 10 млн еўра.

Былы фізрук у інтэрнаце, крытыкаваў АБФФ за грошы. Хто такі Яўген Булойчык

Яўген Васільевіч Булойчык нарадзіўся ў 1984 годзе ў вёсцы Косаўка Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці. У 2006 годзе скончыў БДУФК і пачаў працу трэнерам у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе ў Беразіне.

Потым быў фізруком у інтэрнаце, спецыялістам і начальнікам аддзела спорту і турызму райвыканкама, а ў 2015-м стаў упраўляючым справамі Бярэзінскага райвыканкама.

З 2016 года працаваў у Мінскім аблвыканкаме, дзе ўзначальваў галоўнае ўпраўленне спорту і турызму. Булойчык быў членам выканкама АБФФ, неаднаразова ўдзельнічаў у футбольных ініцыятывах.

Ён вядомы актыўнай пазіцыяй па фінансаванні клубаў, крытыкаваў АБФФ за недастатковы кантроль над фінансамі каманд. У 2024 годзе паведаміў пра рост выдаткаў на беларускі футбол на 42%.

Булойчык перад абраннем казаў, што не плануе “чыстак” у АБФФ і мае намер развіваць дыялог. Асобна адзначае працу рэгіянальных клубаў, ставіў у прыклад “Іслач”. Ён лічыць, што менавіта рэгіянальны футбол павінен стаць асновай росту ўсяго беларускага футбола.

Гісторыя барацьбы за футбол

Еўрарадыё раней распавядала пра жорсткае супрацьстаянне паміж міністрам спорту Кавальчуком і кіраўніцтвам АБФФ у асобе Мікалая Шарснёва. Былы ахоўнік Лукашэнкі Сяргей Кавальчук з 2022 года актыўна ўмешваўся ў футбольную гаспадарку. Хоць па правілах УЕФА гэта строга забаронена і можа пацягнуць санкцыі супраць нацыянальнай федэрацыі — аж да адхілення клубаў і зборнай ад міжнародных спаборніцтваў.

Нягледзячы на тое, што Лукашэнка публічна падтрымаў Шарснёва, Кавальчук працягнуў закулісныя інтрыгі і дамогся таго, што беларускім футболам будуць кіраваць яго людзі.

У якасці прыза — 10 мільёнаў еўра, якія штогод атрымлівае федэрацыя футболу ад УЕФА.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.