Стала вядома, якія атракцыёны самыя небяспечныя для дзяцей

Атракцыён, ілюстрацыйнае фота

Атракцыён, ілюстрацыйнае фота / "Ліда ТБ"

Асноўны ўсплёск вулічнага траўматызму прыпадае на пачатак летніх вакацыяў, калі дзеці яшчэ не раз'ехаліся па летніках. Пра гэта дзяржаўнаму інфармагенцтву "Мінск-Навіны" расказаў доктар — траўматолаг-артапед прыёмнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Андрэй Ярашэвіч.

Паводле яго, часцей за ўсё няшчасныя выпадкі адбываюцца на гульнявых пляцоўках і так званых батутных атракцыёнах — там, дзе стаяць надзіманыя прылады, скачковыя батуты ды ямы, напоўненыя шарыкамі. А на высокаэнергетычных механічных атракцыёнах траўмы бываюць даволі рэдка, бо там працэс адпачынку выразна кантралюецца.

Ярашэвіч адзначыў, што самымі частымі бываюць траўмы пазваночніка: "Калі дзіця скача на батуце і яго ногі сустракаюцца з жорсткай спружынай, а цела працягвае рух уніз, кінетычная энергія настолькі высокая, што церпіць грудны аддзел пазваночніка — найбольш уразлівы ў дзяцей. Штодня, незалежна ад пары года, да нас у цэнтр звяртаецца па 5-6 дзяцей з батутнымі траўмамі. У тым ліку двое ці трое з сур'ёзнымі пашкоджаннямі — кампрэсійнымі пераломамі пазваночніка".

Медык дадае, што дзіцячы арганізм, на шчасце, пластычны і пазваночнік з цягам росту можа справіцца з гэтай дэфармацыяй: пазванкі пачнуць расці, і дзіця не атрымае значнага дэфекту. Аднак некаторыя траўмы ўплываюць на няправільнае развіццё пазваночніка.

Нярэдкімі медык назваў і траўмы дзяцей на каруселях. Можна атрымаць траўму на гушкалцы-балансіры, калі адзін з дзяцей рэзка саскочыць з іх. Пры гэтым другая палова гушкалкі рэзка накіроўваецца наніз, а дзіця, якое сядзіць на ёй, можа атрымаць кампрэсійныя пераломы пазваночніка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.