Спіс палітвязняў павялічыўся яшчэ на дзевяць чалавек

Спіс палітвязняў павялічыўся яшчэ на дзевяць чалавек

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ дзевяць чалавек. Гэта Глеб Нікановіч, Ігар Ляшкевіч, Ціхан Шлюхціц, Арцём Майсіёнак, Андрэй Абразцоў, Канстанцін Шульга, Данііл Дарафееў, Сяргей Красоўскі і Міхаіл Лапенас. Агульная іх колькасць вырасла да 942 чалавек.

Як пішуць праваабаронцы "Вясны", гэтыя ўдзельнікі акцый пратэсту праходзяць па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса ("Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак"). Акрамя таго, Міхаіл Лапенас асуджаны па арт. 368 і 369 КК (абраза прэзідэнта Беларусі і абраза прадстаўніка ўлады).

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць згаданых палітвязняў і спыніць іх крымінальны пераслед. Таксама яны заклікаюць неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама людзей, затрыманых за ўдзел у мірных сходах, і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр "Вясна", Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, "Прававая ініцыятыва", Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Ідэнтычнасць і права.

Сёння зранку палітвязнямі былі прызнаныя яшчэ шасцёра зняволеных.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.