Спецкамісія не знайшла парушэнняў на ЦЭ, але сістэму прапанавала памяняць
Сёння павінны стаць вядомыя вынікі ЦЭ па матэматыцы / Міністэрства адукацыі РБ
Камісія па праверцы вынікаў цэнтралізаванага экзамену не знайшла парушэнняў пры падліку, заявіў намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Кадлубай у эфіры Беларускага тэлебачання. Камісія працавала тры дні. Яе асноўнай задачай было ацаніць справядлівасць і правільнасць методыкі разліку.
У выніку "камісія пацвердзіла, разлікі былі праведзеныя без парушэнняў, тэхнічных умяшанняў не было, як у зваротах паказвалі шматлікія грамадзяне", сказаў Кадлубай. Тым не менш у сваім заключэнні камісія адзначыла, што цяперашняя методыка занадта складаная, і рэкамендавала яе спрасціць.
Нагадаем, вынікі першага цэнтралізаванага экзамену выклікалі шквал крытыкі і пратэст з боку выпускнікоў і іх бацькоў. Вынікі прыкметна адрозніваліся ад працэнтаў, якія школьнікі атрымлівалі на рэпетыцыйным экзамене. Пазней вынікі перагледзелі. Сёння павінны стаць вядомыя вынікі ЦЭ па матэматыцы.