СМІ: на крэйсеры "Масква" загінулі каля 40 чалавек
На расійскім крэйсеры "Масква", які затануў у Чорным моры, загінулі каля 40 чалавек. Пра гэта выданню "Новая газета. Европа" расказала маці матроса, які праходзіць тэрміновую службу на караблі.
Матрос затэлефанаваў маці 15 красавіка, калі атрымаў тэлефон. Раней затэлефанаваць ён не мог, бо дакументы і асабістыя тэлефоны вайскоўцаў засталіся на крэйсеры. Па словах хлопца, карабель быў падбіты з сушы, з украінскага боку. Экіпаж спрабаваў тушыць пажар сваімі сіламі.
"Загінула каля сарака чалавек. Некалькі чалавек прапалі без вестак. І вельмі шмат параненых. Параненыя ў асноўным з адарванымі канечнасцямі, таму што былі такія выбухі — і тое, што здэтанавала, і тое, што трапілі ракеты", — распавядае жанчына са словаў сына.
13 красавіка ўкраінскія ўлады заявілі, што пацэлілі дзвюма ракетамі "Нептун" у крэйсер "Масква" — флагман Чарнаморскага флота Расіі. Расійскія ўлады дагэтуль не прызналі факт ракетнай атакі: па іх словах на караблі пачаўся пажар. Аднак увечары 14 красавіка яны заявілі, што крэйсер патануў па дарозе ў порт. Колькасць загінулых матросаў афіцыйна не называецца.