Сіноптыкі: 19 ліпеня — +28 і дажджы па ўсёй краіне

19 ліпеня ў Беларусі будзе хмарна, але з распагоджаннямі, піша БелТА са спасылкай на прагноз Рэспубліканскага гідраметэацэнтра.

Уначы чакаецца пераважна без ападкаў. Удзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Месцамі будуць навальніцы, па поўначы ў асобных раёнах — моцныя залевы.

Вецер будзе паўднёва-заходнім, заходнім 5-10 метраў за секунду. Днём пры навальніцах месцамі прагназуецца ўзмацненне ветра да 15-20 м/с.

Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 11-17 градусаў. Удзень будзе ад 20 да 26 градусаў вышэй за нуль, а па поўдні краіны — дык і ўсе +28.