Шварцэнберг: З Макеем размаўлялі пра праблемы паміж Беларуссю і ЕС
Старшыня камітэта па замежных справах парламента Чэхіі, былы кіраўнік МЗС распавёў пра сустрэчу з беларускім міністрам.
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 8 кастрычніка сустрэўся ў Мінску са старшынёй камітэта па замежных справах Палаты дэпутатаў парламента Чэхіі Карэлам Шварцэнбергам. Бакі разгледзелі магчымыя шляхі актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва, уключаючы развіццё дыялогу паміж чэшскім і беларускім парламентамі. Таксама яны абмеркавалі адносіны паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, распавёў Еўрарадыё Карэл Шварцэнберг.
“Мы размаўлялі пра адносіны паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, пра тое, якія праблемы існуюць, таму што Беларусь — таксама частка Еўропы, таксама еўрапейская краіна. Беларусь заўсёды адначасова глядзела і на Захад, і на Усход і шукала, дзе будзе больш бяспечна для яе. Я мяркую, што на сённяшні дзень больш бяспечна на Захадзе”, — адзначыў Шварцэнберг.