Што за "праблема з бяспекай" была ў ByHELP? Высветлілі падрабязнасці

"Былыя палітвязні на допытах не ведалі як сябе паводзіць і што казаць"

"Былыя палітвязні на допытах не ведалі як сябе паводзіць і што казаць" / Euroradio via Chat GPT

Ініцыятыва “Байхэлп” ведала пра затрыманне ў Беларусі летам 2024 года свайго валанцёра, які валодаў чуллівай інфармацыяй, але не папярэдзіла пра гэта ні атрымальнікаў дапамогі, ні сваіх валанцёраў, ні іншых чальцоў Міжнароднага гуманітарнага фонду (МГФ), у які ўваходзіць шэраг праваабарончых арганізацый і фондаў. 

Пра гэта кажуць суразмоўцы Еўрарадыё, з якімі рэдакцыя паразмаўляла, правяраючы інфармацыю са справаздачы Нарвежскага Хельсінскага камітэту (НХК), аператара МГФ. Мы пераказваем інфармацыю, якую даведаліся.

Важная заўвага: пэўныя акалічнасці і імёны асоб у тэксце адсутнічаюць, дзеля захавання бяспекі. Таксама праз складанасць гісторыі Еўрарадыё не мела магчымасці пацвердзіць усе дэталі, але гэта не паўплывала на асноўную інфармацыю.

 

10 месяцаў маўчання

У справаздачы, атрыманай ад НХК у пачатку ліпеня, без падрабязнасцяў узгадваўся “сур’ёзны інцыдэнт” у жніўні 2024 года, які нібы парушыў пратаколы бяспекі “Байхэлпу”. Ён мог быць звязаны нібы з узломам базы ініцыятывы, пра які 20 снежня 2024 года распавядаў прапагандыст АНТ Ігар Тур у сваёй перадачы “Будзе дапоўнена”.

Што за "праблема з бяспекай" была ў ByHELP? Высветлілі падрабязнасці
"Камунікацыя ішла ў рэчышчы, што сілавікі хлусяць і ніякай праблемы не існуе" / Euroradio via ChatGPT

Паводле крыніц Еўрарадыё, сітуацыя выглядала наступным чынам. У жніўні 2024 года ў Беларусі сілавікі затрымалі валанцёра “Байхэлпа”, які займаўся размеркаваннем дапамогі сярод вызваленых палітвязняў і іх сем’яў. На яго камп’ютары яны знайшлі інфармацыя пра атрымальнікаў дапамогі. 

Сілавікі, атрымаўшы з камп’ютэра базу дадзеных, з кастрычніка па снежань нібыта правялі вобшукі і допыты ў больш як 50 чалавек, што атрымалі дапамогу. Гэта былі пераважна экс-палітвязні і іх сваякі. Людзей прымусілі вяртаць атрыманыя грошы і плаціць дадатковы штраф. Усе яны праходзілі па адміністрацыйных артыкулах

Па крымінальнай справе праходзіла тры чалавекі, звязаныя з “Байхэлп”. Пра гэта ў каментарыі выданню Reform.news паведаміў сустваральнік арганізацыі Аляксей Лявончык. Па звестках праваабаронцаў гаворка ідзе пра Любоў Драгель, якая згадвалася ў рэпартажы Тура, а таксама Аляксандра Якушкова і Яўгена Бойка. Ім прысудзілі ад двух да пяці гадоў калоніі за “ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні” і “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”

Па інфармацыі Еўрарадыё, па гэтай справе праходзяць дадаткова яшчэ два чалавекі, суды над якімі яшчэ не адбыліся. То бок, колькасць пацярпелых складае як мінімум пяць чалавек.

Што за "праблема з бяспекай" была ў ByHELP? Высветлілі падрабязнасці
"Трэба было вырашаць праблему ў адну хвіліну, бо пісалі мне хлопцы з чаргі ў КДБ" / Euroradio via ChatGPT

Крыніцы сцвярджаюць, што табліцы са спісам людзей, што публікаваў Тур у сваім выпуску, з вялікай доляй верагоднасці, былі сапраўдныя. Па інфармацыі, змешчанай на скрыншотах яго рэпартажу, можна адшукаць людзей праз пашукавік ці сацсеткі. 

Вось толькі прапагандыст хлусіць, што “Байхэлп” узламалі невядомыя хакеры. Сілавікі проста атрымалі фізічны доступ да інфармацыі, якая была на камп'ютары.

Са жніўня 2024 года па лета 2025 года "Байхэлп”, сцвярджаюць крыніцы, не папярэджваў ні атрымальнікаў дапамогі, ні ўласных валанцёраў, ні іншых чальцоў МГФ пра тое, што сілавікі атрымалі доступ да баз даных арганізацыі. Камунікацыя ішла ў рэчышчы, што сілавікі хлусяць і ніякай праблемы не існуе. 

Прызнанне, што праблемы былі, прагучалі пасля апублікаванай справаздачы НХК у ліпені 2025 года, перад публікацыяй якой “Байхэлп” афіцыйна выйшаў са складу МГФ.

 

“Аляксей Лявончык разам са сваёй камандай кожны раз адмаўляў наяўнасць уцечкі”

Каб пацвердзіць інфармацыю пра парушэнне пратаколу бяспекі, мы на ўмовах ананімнасці паразмаўлялі з валанцёркай, якая супрацоўнічала з некалькімі ініцыятывамі, што дапамагаюць палітвязням.

Што за "праблема з бяспекай" была ў ByHELP? Высветлілі падрабязнасці
Сузаснавальнік ініцыятывы "Байхэлп" Аляксей Лявончык / LookByMedia

Дзяўчына пацвердзіла, што пасля арышту валанцёра “Байхэлп” яе не папярэджвалі аб магчымых пагрозах з боку сілавікоў, яна пра ўсё даведалася самастойна.

Таксама суразмоўніца распавяла, што даныя людзей, якім перасылалі грошы на замежныя карткі, згаданыя ў перадачы Тура, былі сапраўдныя, але палітвязні пра гэта не ведалі.

“Мой знаёмы пакадрава праглядзеў гэты фільм і кажа, што там 100% ёсць даныя яго і яго сяброў”.

Валанцёрка лічыць, што затрыманне чалавека з “Байхэлп” адбылося праз яго асабістую халатнасць.

“Хутчэй за ўсё не прапрацавалі метады перадачы грошай ці расслабіліся. Самы галоўны правал, што там быў ноўт з данымі людзей, і ён знаходзіўся ў Беларусі”, — кажа яна.

Што да "баз, знойдзеных на камп’ютары валанцёркі" — гэта інфармацыя базуецца на роліках прапаганды і абсалютна не адпавядае рэчаіснасці.

Аб нашых пратаколах абароны інфармацыі і мэнэджмэнту рызыкаў гавораць факты. Як я ўжо згадаў у каментары для “Рэформ”, мы дапамаглі больш чым 18 тысячам чалавек. Мы адзіная арганізацыя, якая дасягнула такога маштабу і да апошняга прысутнічала (і працягвае прысутнічаць) у полі ў Беларусі. Той факт, што за дапамогу ад “Байхэлп” крымінальныя справы атрымалі 3 чалавекі — гэта на тры чалавекі болей, чым дапушчальна. Але калі ўзяць у кантэксце таго, што супраць нас працуюць спецслужбы цэлай дзяржавы, гэта зусім някепскі вынік для ініцыятывы, якая пачынала як валанцёрская і стала прафесійнай, адказваючы на выклікі. 

Супраць сектару салідарнасці, як, зрэшты, і іншых арганізацый дэмакратычнай апазіцыі, ідзе вайна, дзе з аднаго боку стаіць дзяржава з усімі яе рэсурсамі, а з іншага — групы яшчэ ўчора валанцёраў. Ніводная сістэма фізічнай абароны доступу да інфармацыі пры такой раскладцы (калі супраць цябе працуе рэпрэсіўны апарат цэлай дзяржавы) не пратрымаецца доўга, калі не будзе суправаджацца адэкватнай сістэмай кіравання рызыкамі: што рабіць, калі нейкія дадзеныя трапілі не туды, куды трэба. І слова "калі" я тут ужываю ў расійскім сэнсе "когда", а не "если". 

Праблемы з бяспекай атрымальнікаў заўжды будуць ва ўсіх, хто працуе сур'ёзна, асабліва калі гэта праца "ў полі" на тэрыторыі Беларусі. Менавіта таму мінімізацыя рызыкаў мусіць быць дваістай: з аднаго боку фізічная сістэма абароны доступу да дадзеных, з іншага — сістэма кіравання рызыкамі, калі нейкія дадзеныя трапілі туды, куды не трэба. І пад калі, яшчэ раз, я маю на ўвазе "когда".

Есць і іншы спосаб мінімізаваць рызыкі. Можна пачынаць завужаць поле дзейнасці, дапамагаць усё меншай і меншай колькасці атрымальнікаў, выключаць асабліва рызыкоўныя кірункі, зыходзіць з поля, у рэшце рэшт. Так зрабіла большасць арганізацый поля. Нехта зышоў з Беларусі і застаўся дапамагаць толькі за мяжой. Нехта максімальна завузіў дапамогу ўнутры краіны. Нехта проста спыніў дзейнасць ці дапамагае пары чалавек на тыдзень. 

Ці ідзе гэта на карысць атрымальнікам — пытанне рытарычнае. Мы ж абралі іншы шлях — прысутнічаць у полі да канца, у Беларусі і за мяжой, і дапамагаць кожным магчымым чынам. 

Той факт, што за пяць гадоў матэрыялу на крымінальныя справы змаглі накапаць на трох чалавек з 18 тысяч, кажа шмат пра эфектыўнасць нашай сістэмы кіравання рызыкамі”, — рэзюмуе суразмоўца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.