Што вядома пра агента КДБ, чыё імя стаяла на канверце з грашыма для Ціханоўскай

Канверт, перададзены Ціханоўскай

Канверт, перададзены Ціханоўскай / АНТ

У прапагандысцкім фільме пра Святлану Ціханоўскую, які паказалі на тэлеканале АНТ, фігураваў канверт з 15 тысячамі еўра. Гэтыя грошы ўлады перадалі Ціханоўскай на выезд. На канверце было пазначана прозвішча з ініцыяламі — "Медведю О.В.".

Як кажуць у арганізацыі былых сілавікоў BelPol, гэтыя ініцыялы могуць належаць Алегу Уладзіміравічу Мядзведзю, звязанаму з беларускімі спецслужбамі, перадае Радыё Свабода.

"Наша Ніва" адзначыла, што чалавек з такімі ініцыяламі трапіў у "Чорную мапу Беларусі", дзе збіралі звесткі пра сілавікоў, якія маглі ўдзельнічаць у рэпрэсіях. Там гаворыцца, што Алег Уладзіміравіч Мядзведзь у 2020 годзе быў супрацоўнікам групы КДБ "Альфа".

У BelPol кажуць, што гэты чалавек мае акрамя свайго пашпарта яшчэ і так званы "пашпарт прыкрыцця" на імя Ніліна Алега Уладзіміравіча.

Алег Мядзведзь нарадзіўся 28 студзеня 1974 года. Яго маці працавала медсястрой у шпіталі КДБ у Мінску. Як выявілі ў BelPol, Мядзведзь мае дыпламатычны пашпарт, па якім шмат разоў ездзіў за мяжу — у Турцыю, Францыю, Латвію, Вялікабрытанію, Італію, Чэхію, Германію, Аўстрыю, Іран. У 2021 годзе ён выязджаў у Польшчу на аўтамабілі разам з супрацоўнікам цэнтральнага апарата КДБ Юрыем Уладзіміравічам Качанавым.

Што вядома пра агента КДБ, чыё імя стаяла на канверце з грашыма для Ціханоўскай
Алег Уладзіміравіч Мядзведзь / фота з базы BelPol

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.