Што стане з Днём Перамогі, калі ў Беларусі зменіцца ўлада? Адказваюць гісторыкі

Аляксандр Лукашэнка ўскладае вянок у манументу Перамогі, 9 траўня 2024 года / Прэс-служба прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Святкаванне Дня Перамогі ў Беларусі ў апошні час ператварылася ў дэманстратыўны ідэалагічны фарс, у якім задзейнічаны ўсе залежныя ад дзяржавы катэгорыі насельніцтва.
Сёлета жыхары Гродна ў цэнтры горада рэканструявалі штурм Рэйхстага. Школьнікі ўдзельнічалі ў чэленджы са стаяннем на адной назе і кнігай на галаве ў гонар памяці аб блакадзе Ленінграда. Гэта толькі частка незразумелых актыўнасцяў, пра якія піша дзяржаўная прэса.
Усё ідзе да таго, што пры непазбежнай змене ўлады, частка грамадства можа цалкам выступіць за скасаванне гэтага свята. Ці адбудзецца гэта — Еўрарадыё запатыла пра гэта двух гісторыкаў: Аляксея Братачкіна і Аляксея Ластоўскага.
“Знікнуць пэўныя рытуалы, з’явяцца новыя помнікі”
Пры змене ўлады падыходы да святкавання Дня Перамогі зменяцца, але само свята нікуды не знікне. Так лічыць Аляксей Братачкін, навуковы супрацоўнік кафедры публічнай гісторыі Фернуніверсітэта ў Хагене.

“Існуе афіцыйная палітыка памяці, якую фармуе і рэалізуе аўтарытарны рэжым. Побач з ёю захоўваецца памяць на індывідуальным і сямейным узроўнях, а таксама памяць унутры розных супольнасцяў, такіх як яўрэйская абшчына або памяць насельніцтва Заходняй Беларусі. Паміж афіцыйнай і асабістай (індывідуальнай, сямейнай) памяццю заўсёды існуе пэўны разрыў. Такія асабістыя гісторыі не заўсёды знаходзяць адлюстраванне ў дзяржаўным гістарычным наратыве.
У Савецкім Саюзе гэты разрыў быў асабліва прыкметным: нягледзячы на наяўнасць жывых сведкаў трагічных падзей, афіцыйная памяць пра вайну была жорстка ідэалагізаваная і не ўлічвала мноства асабістых гісторый. Аднак нават тады ўлады не маглі цалкам ігнараваць існаванне альтэрнатыўных успамінаў, асабліва што датычылася Другой сусветнай вайны”.
Сёння ў Беларусі назіраецца радыкалізаваная інструменталізацыя падыходу да памяці пра вайну, які выкарыстоўваецца ў інтарэсах сучаснага палітычнага рэжыму, кажа гісторык.
“Калі гэты рэжым знікне або аслабне, афіцыйная палітыка памяці, верагодна, зменіцца істотна: знікнуць пэўныя рытуалы, з’явяцца новыя помнікі, адбудуцца зрухі ў інтэрпрэтацыі падзей. Тым не менш, гэта наўрад ці значна паўплывае на сямейную або супольнасную памяць. Людзі, чые сем’і непасрэдна перажылі трагедыю вайны, будуць працягваць памятаць пра яе на сваёй мове і праз прызму ўласных абставін”.

Братачкін лічыць, што канец аўтарытарызму не зможа прывесці да поўнага знікнення савецкага дыскурсу пра вайну.
“Безумоўна, многія яго элементы знікнуць: ён стане менш прапагандысцкім, менш ідэалагізаваным і, верагодна, больш арыентаваным на расказ аб трагічным аспекце вайны, а не на расказ аб тым, што вакол Беларусі жывуць адныя нацысты і ўнутры краіны дзейнічаюць іх памагатыя, якія працягваюць іх справу, арганізаваўшы пратэсты 2020 года”.
“Сама памяць пра вайну нікуды не знікне”
Святкавання Дня Перамогі сёння ператварылася ў фармальнасць, што адбылося і з рэвалюцыйнымі святамі ў часы позняга Савецкага саюзу, якія ператварыліся ў штучныя цырыманіялы. Гэта абясцэньвае сімвалічную каштоўнасць падзеі. Так лічыць Аляксей Ластоўскі, дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі, адказаўшы на пытанне Еўрарадыё падчас зум-стрыму па тэме, ці “аджыў” сваё Дзень Перамогі.

“Такая перспектыва [абясцэньвання. — Еўрарадыё] можа чакаць усе святы, якія зараз адзначаюць у Беларусі. Але свята Перамогі ўгрунтаванае ў індывідуальнай памяці практычна ўсіх беларусаў — зараз складана знайсці людзей, каб іх сямейная гісторыя не была закранута гэтымі падзеямі”.
І факт такога каласальнага ўплыву так ці інакш будзе спрыяць таму, што падзею будуць адзначаць тым ці іншым чынам.
“А вось гэтае ідэалагічнае “шалупінне”, з ускладаннем чыноўнікамі кветак, яно, думаю, знікне. Але ў іншым фармаце свята застанецца і сама памяць пра вайну нікуды не знікне з беларускага грамадства”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.