Як фанаты "Легіі" дапамаглі фанатам "Дынама" арганізаваць гасцявы сектар

Год таму мінскае "Дынама" у Варшаве гуляла супраць "Легіі" у Лізе канферэнцый

Год таму мінскае "Дынама" у Варшаве гуляла супраць "Легіі" у Лізе канферэнцый / Мост

Сталi вядомыя падрабязнасці арганізацыі фан-сектара мінскага "Дынама" у Варшаве падчас матчу Лігі канферэнцый супраць "Легіі", які адбыўся 7 лістапада 2024 года.

Дэталі падрыхтоўкі да матчу апублікаваў канал "Стихи Малофеева". Нагадаем, што падчас сустрэчы на трыбуне было шмат бела-чырвона-белых сцягоў, банераў у падтрымку беларускіх добраахвотнікаў і антырэжымных плакатаў. Фан-сектар "Легіі" — "Жылета" — таксама вывешваў антылукашэнкаўскія транспаранты і скандаваў абразлівыя крычалкі ў адрас Аляксандра Лукашэнкі.

Кіраўніцтва "Дынама-Мінск" у тым сезоне адмовілася ад гасцявых сектараў на выязных матчах Лігі канферэнцый. А свае хатнія гульні клуб праводзіў на нейтральных палях без гледачоў.

"Еўрарадыё" з некаторымі скарачэннямі прыводзіць гісторыю з’яўлення фан-сектара на стадыёне "Легіі".

“"Армейцы" [так часам называюць фанатаў “Легіі”, — Еўрарадыё] пайшлі насустрач дынамаўскім фанатам. Аднак афіцыйна зладзіць гасцявы сектар самі варшаване не маглі. Праз гэта з беларусамі ўмовіліся: публічна яны нідзе не абвесцяць, што ім дазволілі сабрацца ў адным месцы на трыбуне. І каб не выклікаць пытанняў ад інспектара УЕФА, перад стартавым свістком супрацоўнікі "Легіі" зробяць выгляд, што не чакалі такой плыні заўзятараў гасцей і экстранна вырашылі выдзеліць ім асобны сектар.

Дапамагла дынамаўскім фанатам не толькі "Легія", але і яе фанаты. "Стихам" невядома, чым канкрэтна, аднак кібіцы "армейцаў", даўнія праціўнікі "Дынама" і верныя сябры ўльтрас мінскага "Тарпеда", на гэты матч заключылі з "бела-сінімі" нейтралітэт.

Пачалася падрыхтоўка да матчу. Пазней медыя, прызнаныя ў Беларусі экстрэмісцкімі, наперабой напішуць абстрактнае: "На гульні сабраліся беларусы". Аднак у рэчаіснасці на гасцявым сектары стадыёна імя Юзэфа Пілсудскага амаль не было выпадковых людзей: у асноўным там сабраліся фанаты мінскага і брэсцкага "Дынама" і прадстаўнікі іншых рухаў.

Как фанаты “Легии” помогли фанатам “Динамо” организовать гостевой сектор
Фота Белсат

Квіткі туды распаўсюджваліся толькі сярод сваіх за 100 злотых (каля 80 беларускіх рублёў) – білеты, прыдбаныя праз сайт "Легіі" ці касы, каштавалі ад 130 злотых.

Адмова "Дынама" ад арганізацыі гасцявога сектара ўдарыла па саміх "бела-сініх". Лідары ультрас вырашылі адмовіцца ад падтрымкі каманды на матчы, поўнасцю прымеркаваўшы гульню палітыцы. Адпаведны характар мелі банеры і перфомансы, аднак узгадненне "ультры" не было лёгкім працэсам. Асабліва насцярожана палякі ставіліся да тэмы Украіны – таму на самой гульні дынамаўская тарсіда не прысвяціла ёй ніякага візуалу, ужо пасля матчу асобна падтрымаўшы ўсім вядомае сталёвае падраздзяленне.

У апошнія дні перад матчам сітуацыя за ўзгадненнем ультры ўскладнілася настолькі, што кібіцы "Легіі" публічна прысаромелі кіраўніцтва клуба за перашкоды дынамаўскім фанатам. А раніцай 7 лістапада клуб увогуле забараніў праносіць каля 70% візуалу.

Как фанаты “Легии” помогли фанатам “Динамо” организовать гостевой сектор

Тым не менш на гасцявым сектары ў той вечар сабралася больш за сотню фанатаў мінскага, брэсцкага "Дынама" і іншых клубаў, якія зладзілі некалькі палітычных перфомансаў.

Ніводнага зараду на падтрымку "бела-сініх" так і не прагучала”.

Футбалісты мінскага "Дынама" не падышлі да прыхільнікаў, нават не паглядзелі ў іх бок, а трэнер клуба на прэс-канферэнцыі заяўляў, што нібыта не чуў абразлівых крычак, якія амаль не сціхалі ўвесь матч.

Беларускі клуб прайграў той матч з лікам 0:4.

Клуб "Легія" пазней быў аштрафаваны УЕФА за паводзіны сваіх фанатаў на 17 500 еўра.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.