“Каго на размову, каму адразу суткі”. КДБ узяўся за антыкрызісных менеджераў

Галоўны будынак КДБ у Мінску

Галоўны будынак КДБ у Мінску / УП "Агентство «Минск-Новости"

КДБ апошнія некалькі месяцаў затрымлівае і выклікае на допыты антыкрызісных менеджараў па ўсёй краіне. Пра гэта распавёў у фэйсбуку Сяргей Пінчук, які сам працуе ў гэтым напрамку ў сферы IT-аўтсорсынгу з-за мяжы.

Еўрарадыё высвятляла наколькі сур’ёзна спецслужбісты ўзяліся да прадстаўнікоў гэтай прафесіі.

 

“Людзей цёгаюць і ў Мінску, і ў рэгіёнах”

У пасце ад 4 лістапада Пінчук піша, што “КДБ адкрыла сезон восеньскага палявання на антыкрызісных кіраўнікоў”. Камусьці з затрыманых шанцуе болей, а камусьці — меней.

“Хтосьці аддзяляецца прафілактычнай гутаркай з унясеннем у асабістую справу, хтосьці — трыма суткамі ІЧУ з бамжамі, хтосьці — двума тыднямі эпізадычных допытаў з забаронай паведамляць пра любыя падазроныя размовы”, — піша беларус.

У асабістай размове з Еўрарадыё Пінчук распавёў, што ведае як меней пра пяць выпадкаў затрыманняў, якія адбыліся ў розных гарадах краіны цягам апошніх трох-чатырох тыдняў. 

“Людзей цёгаюць і ў Мінску, і ў рэгіёнах. Гэтых антыкрызіснікаў не так шмат, працуе па краіне некалькі сотняў чалавек”.

Па словах суразмоўцы, аб пакараннях затрыманых пакуль гаворка не ідзе. 

“Ідзе хутчэй спланаваная прафілактычная адпрацоўка па прафесійнаму прызнаку, мне здаецца. Правяралі юрыстаў, медыкаў, настаўнікаў, рыэлтараў, экскурсаводаў, зараз дайшлі да нашай прафесіі”.

Пінчук кажа, што больш пільная ўвага да спецыялістаў, у якіх былі заўважаны “праявы нелаяльнасці”: наяўнасць Карты паляка, данаты, адміністратыўныя справы за шэсці ў 2020 годзе. 

“Каго цягнуць на размову, каму адразу суткі даюць, аднога тыдзень пратрымалі. <...> Нельга сказаць, што затрымліваюць за лайк ці рэпост, ідуць метанакіравана па спецыялістах. Каб на кагосьці завялі крымінальную справу — мне пакуль пра гэта нічога не вядома”, — разважае суразмоўца. 

Складана зразумець ці працягваюцца затрыманні спецыялістаў, ці ўжо скончыліся, бо, як кажа суразмоўцы, антыкрызісныя менаджары ніколі не мелі сваёй супольнасці ні 2020 году, ні пасля.

“Каго на размову, каму адразу суткі”. КДБ узяўся за антыкрызісных менеджераў

“Тая інфармацыя, якая даходзіць, — гэта кола людзей, якіх ведаеш сам асабіста, з якімі меў калісьці справы <...> Панікі сярод спецыялістаў, наколькі вядома, няма, але людзі разумеюць, што ідзе такая “кампанія” і цябе могуць запрасіць на размову”.

 

Сістэмы няма

Крыніца Еўрарадыё з гэтай сферы дадала, што паводле яе назіранняў, затрыманні сярод антыкрызісных менеджараў пачаліся ў канцы лета 2025 года. А адкліканне ліцэнзій на дзейнасць пачалося яшчэ раней.

“Людзей затрымалі шмат і затрымліваюць дагэтуль. Але, паводле маёй інфармацыі, гэта не звязана непасрэдна з антыкрызісным кіраваннем. Хутчэй гэта падобна да таго, што да нашай галіны дакатыліся рэпрэсіі за 2020 год. У людзей пытаюцца, што яны рабілі ў той час”.

Пры гэтым крыніца не назірае нейкай сістэмы. 

"Кагосьці з маіх калег адпускаюць пасля размовы, нехта “заехаў” на 20 сутак і моцна падарваў здароўе. Камусьці пагражаюць крымінальнай справай, нехта выходзіць у статусе сведкі.

Паводле маёй інфармацыі, толькі ў Мінску затрымана больш за 10 чалавек. Усяго ж у нашай сферы працуе каля 400 чалавек", — сцвярджае суразмоўца.

Ці могуць быць звязаныя затрыманні з крымінальнымі справамі аб махлярстве сярод кіруючых, пра якія пісалі беларускія СМІ? Там фігуруюць прыстойныя сумы — мільёны рублёў. Нашая крыніца мяркуе, што сувязі няма.

“З таго, што мне вядома, у людзей не пытаюцца пра іх працу, сувязі з кіруючымі, якія фігуруюць у справах аб махлярстве, напрыклад у Брэсцкай вобласці”.

Можа, гэта спроба сілавікоў “даіць” бізнес?

“Калі і так, то відавочна, што ў гэтай сферы няма шматмільённых абаротаў, як, напрыклад, у страхавой дзейнасці”, — упэўнена крыніца Еўрарадыё.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.