Генпракуратура назвала новую лічбу забітых у лагеры смерці "Трасцянец"

Мемарыяльны комплекс у Трасцянцы на месцы лагера смерці

Мемарыяльны комплекс у Трасцянцы на месцы лагера смерці / bntu.by

Генпракуратура Беларусі заявіла пра юрыдычна пацверджаную большую колькасць ахвяр нацысцкага лагера смерці "Трасцянец", чым было вядома раней.

"У выніку прынятых мер сістэма пахаванняў лагера смерці (урочышчы Благаўшчына, Шашкоўка, паблізу в. Малы Трасцянец) пастаўлена на дзяржаўны ўлік і пашпартызавана адзіным комплексам з агульнай колькасцю пахаваных не менш за 546 тысяч, а не 206,5 тысячы, як гэта лічылася раней", — гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.

Паведамляецца, што ва ўрочышчы Благаўшчына выявілі 34 ямы-магілы: "У далейшым у мэтах утойвання злачынстваў нацыстамі дадзеныя пахаванні раскопваліся і астанкі спальваліся, попел і косці паўторна закопваліся ў зямлю".

Ва ўрочышчы Шашкоўка была пастаўленая печ для крэмацыі, "пасля выкарыстання якой парэшткі ахвяр рассыпаліся па навакольных палях. Трупы людзей таксама знішчаліся ў адрынах у в. Малы Трасцянец", заяўляюць у Генпракуратуры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.