Прыходзяць маладыя і лаяльныя? З чым звязаная чыстка антыкрызісных кіраўнікоў

Эканамічны разлік уладаў

Эканамічны разлік уладаў / pixabay.com

Чыстка шэрагаў антыкрызісных кіраўнікоў у Беларусі можа быць звязаная з жаданнем уладаў скараціць выдаткі на суправаджэнне банкруцтваў. Для гэтага ўведзены новыя кваліфікацыйныя патрабаванні і зніжаны кошт паслуг. Такое меркаванне на ўмовах ананімнасці выказаў дзеючы антыкрызісны менеджар у размове з Еўрарадыё.

Раней за вядзенне спраў ад імя Інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах, Фонду сацыяльнай абароны (ФСАН) і мытні антыкрызісныя кіраўнікі атрымлівалі па 15 базавых велічынь, а мінімальны тэрмін працы складаў чатыры месяцы, сцвярджае крыніца.

Пры гэтым ФСАН масава падае заявы аб банкруцтве індывідуальных прадпрымальнікаў, патрабуючы прызначаць новымі кіраўнікамі іншых людзей. Такія справы звязаныя з абавязковымі выдаткамі — толькі на аб’явы ў рэестры банкрутаў патрабуецца каля 147 рублёў, што з’яўляецца чыстай стратай.

Пры гэтым, верагодна, перавага аддаецца маладым спецыялістам з лаяльнай пазіцыяй, гатовым працаваць за мінімальнае або ўмоўна бясплатнае ўзнагароджанне, мяркуе суразмоўца Еўрарадыё.

Гэты працэс прывядзе да зніжэння якасці суправаджэння спраў.

— Над маладым і непадрыхтаваным кіраўніком прасцей усталяваць адміністрацыйны кантроль, у першую чаргу ў рамках падатковых спраў і спраў ФСАН, — падсумоўвае суразмоўца.

Нагадаем, што толькі 6 лістапада было спынена дзеянне 19 пасведчанняў антыкрызісных менеджараў. Раней Еўрарадыё паведамляла, што чысткі пачаліся летам 2025 года.

Пры гэтым людзей выклікаюць на допыты ў КДБ, некаторых адпраўляюць у СІЗА.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.