Супраць былога камандзіра спецназа распачалі крымінальную справу
Уладзімір Барадач / Facebook
Былы камандзір спецназу ў Мар'інай Горцы Уладзімір Барадач паведаміў у сваім фэйсбуку аб заведзенай на яго крымінальнай справе.
"Пасля ператрусу, праведзенага ў маёй кватэры ў горадзе Мінску 6 лістапада 2025 года, я даведаўся, што супраць мяне ўзбуджана крымінальная справа. Не разумею, чаму праваахоўныя органы робяць і вядуць гэтую крымінальную справу ў тайне ад мяне. Зрабіў запыт у Першамайскае РУУС аб прадастаўленні мне магчымасці даваць неабходныя следствам паказанні". Чакаю адказу”, — напісаў ён.
73-гадовы Уладзімір Барадач з 2010 года жыве ў Германіі, дзе атрымаў палітычны прытулак. Ён — былы спецназавец, ветэран вайны ў Афганістане. "Наша ніва" нагадвае, што ў 2021 годзе Лукашэнка пазбавіў звання "палкоўнік запасу".
У 1992 годзе Барадач быў адным з ініцыятараў стварэння Саюза беларускіх афіцэраў і ўдзельнічаў у гістарычнай цырымоніі прыняцця афіцэрамі прысягі на вернасць Беларусі. Таксама ён удзельнічаў у грамадскім расследаванні знікнення былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі.