"ЗША — аснова заходняга свету". Што піша прапаганда пра ЗША і Трампа

Што піша прапаганда пра ЗША і Трампа

Што піша прапаганда пра ЗША і Трампа / Еўрарадыё

Адносіны ЗША і Беларусі апошнім часам пацяплелі. Амерыканскія дыпламаты прыязджаюць у Мінск, Трамп тэлефануе Лукашэнку і называе яго моцным і паважаным лідарам, прыпыняюцца санкцыі на "Белавія" і, нарэшце, з турмаў выходзяць палітвязні.

Як на ўсё гэта рэагуе беларуская прапаганда? Ці змянілася яе рыторыка ў дачыненні да ЗША? Еўрарадыё пачытала выказванні беларускіх прапагандыстаў за апошнія некалькі тыдняў і даведалася, як цяпер Амерыку і Трампа прадстаўляюць беларусам.

Азаронак: "Мы, можна сказаць, заключаем цяпер антыеўрапейскі пакт"

У сваім тэлеграм-канале не тое каб часта, але ЗША і Трампу Азаронак увагу надае.

Пра тое, што адносіны паміж Беларуссю і ЗША памякчэлі, заўважылі нават рэгулярныя гледачы Рыгора. Падчас эфіру з Юрыем Васкрасенскім, глядач задаў пытанне: "Так што, Амерыка — цяпер нам ужо не ворагі?”.

Азаронак на правах гаспадара студыі патлумачыў.

— Стратэгічна Захад нам вораг. Але для чаго патрэбныя дыпламатыя і палітыка? Размаўляць нават з ворагам. Я нагадаю, што, калі трэба, Іосіф Сталін падпісваў пакт Молатава-Рыбентропа і размаўляў з Гітлерам для таго, каб вырашыць свае задачы... Таму ў вас там усё лінейна, проста, тупа, па-ідыёцкі. А мы, можна сказаць, заключаем цяпер антыеўрапейскі пакт.

“США — основа западного мира”. Что пишет пропаганда о США и Трампе
Беларуская прапаганда выказваецца пра Трампа, як пра "моцнага лідара" / AP

Атрымліваецца, на думку Азаронка, ЗША ўсё ж вораг, але не такі сур'ёзны як Еўропа.

А што наконт Трампа? У адрозненні ад еўрапейскіх палітыкаў, яго Рыгор не закідвае абвінавачваннямі і праклёнамі. Прапагандыст падкрэслівае, што Трамп паважае Лукашэнку і скептычна ставіцца да еўрапейцаў.

— Лукашэнка — зусім іншы. Ён сімпатычны Трампу, як чалавек, як мужык, як магутны кіраўнік. Бо яны прайшлі падобны шлях: і ў бацьку ў свой час стралялі — ён таксама ў свой час стаў прэзідэнтам супраць сістэмы... Трамп на пачатку гэтага шляху, яму патрэбная добрая парада і досвед Лукашэнкі.

Акрамя гэтага, на канале могуць з'яўляцца навіны ці відэаролікаў з удзелам Трампа, дзе ён, напрыклад, блытае Арменію і Албанію з каментарамі Рыгора тыпу: "Добра хоць баклажанам не назваў".

Гайдукевіч: ЗША — аснова заходняга свету

На прыпыненне санкцый на "Белавія", лідар ЛДПБ адрэагаваў станоўча. І заявіў, што ціснуць на Мінск і Маскву бескарысна. Назваў Еўропу дурной, а ЗША — асновай заходняга свету.

— Дыялог — гэта заўсёды добра. Мы вітаем гэты дыялог. Гэта вельмі важна.

Рыторыка ў дачыненні да Трампа ў Гайдукевіча такая ж, як і ў Азаронка:

— Акрамя таго, відавочна, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп асабіста сімпатызуе прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку і прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну.

У эфіры на "Альфа Радыё" Гайдукевіч сказаў, што Трампу не хацелася б мець справы з еўрапейскімі палітыкамі, у тым ліку з Макронам, Шольцам [канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мерц, — Еўрарадыё] і Зяленскім.

— Трамп, як чалавек моцны, хацеў бы стаяць сярод моцных лідараў ... Ён бачыць Лукашэнку, Пуціна, лідара Кітая роўнымі сабе. Яму падабаюцца моцныя самастойныя лідэры.

Не забывае Гайдукевіч і адсыпаць крытыку ЗША. Напрыклад, у эфіры "РадыёМінск" ён успомніў, пра амерыканскія біялагічныя лабараторыі ў краінах Еўропы.

“США — основа западного мира”. Что пишет пропаганда о США и Трампе
Прапагандысты называюць Лукашэнку "мацнейшым за Трампа"

— Трампу цікавы асабіста Лукашэнка — нават не як роўны сабе, а як той, хто мацнейшы за самога Трампа. У гэтым і крыецца прычына вельмі асабістага і катэгарычна паважлівага ліста Трампа да нашага прэзідэнта.

Шпакоўскі: зняцце санкцый ЗША з "Белавія" — крок у правільным кірунку

Больш стрымана выказваецца пра ЗША і прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі. Прыпыненне санкцый на "Белавія" ён прыняў вельмі цёпла і ў цэлым выказаўся пра ЗША, як пра партнёра, але запатрабаваў яшчэ большага…

— Зняцце санкцый ЗША з нацыянальнага авіяперавозчыка "Белавія " [ЗША санкцыі прыпынілі, а не знялі, — Еўрарадыё] — крок у правільным кірунку. Калі зыходзіць з задачы нармалізацыі адносін, то неабходна пазбаўляцца ад санкцый супраць беларускай калійнай галіны і айчыннай банкаўскай сферы. Таксама магчыма выкарыстоўваць уплыў Вашынгтона для аднаўлення паўнавартаснага доступу Беларусі да партовай інфраструктуры Прыбалтыкі.

А ў гэты ж дзень, але крыху раней ён эмацыйна пракаментаваў забойства актывіста Чарлі Кірка.

— Забойства Чарлі Кірка — чарговая праява палітычнага тэрору ў ЗША і сігнал усяму свету.

Ліберальная шызафрэнія, усе гэтыя трансгендэры, гатовыя забіваць іншых людзей, якія не падзяляюць іх парадак дня.

А ў канцы прапагандыст працытаваў Уладзіміра Макея і назваў ЗША "фашысцкай дэмакратыяй".

Гігін: "Прэзідэнт ЗША паважае моцных лідараў"

Былы дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук Вадзім Гігін пра перспектывы супрацоўніцтва Беларусі і ЗША паразважаць адмовіўся і заявіў, што калі б там вырашаў усе толькі адзін Дональд Трамп, адносіны паміж краінамі развіваліся б хутчэй.

— Можна канстатаваць, што прэзідэнт ЗША паважае моцных лідараў, лідараў, якія дэманструюць палітычную волю... Рэальныя палітыкі, якія прымаюць рашэнні, разумеюць, што без Беларусі і без Аляксандра Лукашэнкі немагчыма не толькі ўрэгуляваць украінскі крызіс, але і ў прынцыпе вырашыць геапалітычнае супрацьстаянне ў нашым рэгіёне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.