Тыя ж фосфаліпіды змяшчаюцца ў яйках, пячонкі, мясе, чырвонай рыбе, раслінных алеях. Мала таго, калі вы параўнаеце колькасць фасфаліпідаў у капсуле “Эсэнцыяле форте” і ў адным яйку, дык акажацца, што яйка замяняе чатыры капсулы.
Але каб яны ўсмакталіся, трэба, каб добра працавала печань і падстраўнікавая залоза. То бок, каб выдзялялася жоўць і сок падстраўнікавай залозы.
“А шмат у каго з людзей з пашкоджанай вантробай менавіта з гэтым праблемы. І дадаванне яшчэ тлучшу ніякім чынам не павялічвае верагоднасць аднаўлення печані і ніяк не змяншае цяжкасці яе пашкоджання. Таму ва ўжыванні эсэнціальных фасфаліпідаў няма сэнсу”, — кажа Уладзімір Пікірэня.
Лепей схадзіць на базар
Яшчэ адным папулярным сродкам, які назначаюць для лячэння хвароб печані, нават пры цырозах, з'яўляецца “Гепатасан”.
“Але калі мы паглядзім, што ў складніку, дык акажацца, што гэта кавалачак высушанай печані свінні, — кажа доктар Пікірэня. — Якім чынам гэты кавалачак печані свінні павінны дапамагчы ў выздараўленні і аднаўленні вашай печані, невядома. Калі вам хочацца з'есці пячонкі, дык можна пайсці ў краму ці на базар, набыць і смачна прыгатаваць. Гэта будзе дакладна не менш карысна”.
Дарэчы, лепей пайсці і набыць смачнай ежы і замест некаторых іншых сродкаў. Пры хваробах печані выкарыстоўваюць раслінныя сродкі кшталту “Растаропшы”, “Карсіла”, “Сілімарына”.
“Гэтыя сродкі могуць тэарэтычна павялічваць выпрацоўку жоўці, але такім жа самым чынам яе павялічваюць любыя іншыя стымулятары: напрыклад, тлустая ежа, тое ж смажанае мяса”, — кажа доктар Пікірэня.
А што дапамагае печані?
Калі чалавек пазбаўляецца ад ужывання алкаголю, дык 90% нагрузкі на печань знікае.
А калі ў чалавека ёсць вірусны гепатыты, трэба прымаць адпаведнае лячэнне. Пэўную колькась гадоў таму з'явілася эфектыўнае лячэнне ад гепатыту С. Ад гепатыту В лячэння на дадзены момант не існуе. Затое існуе вельмі эфектыўная прышчэпка. Прышчапіўшыся, можна забыцца пра гэтую рызыку і спакойна жыць.