Шлюбная аферыстка са Століна падманула шасцярых жаніхоў на $12 тысяч

Шлюбная аферыстка са Століна падманула шасцярых жаніхоў на $12 тысяч

27-гадовая жыхарка Століна падманула шасцярых мужчын, паабяцаўшы выйсці за іх замуж. Яна здолела завалодаць іх грашыма на агульную суму ў 24 тысячы дэнамінаваных рублёў. Шлюбная аферыстка дзейнічала са снежня 2011 года па 31 снежня 2015 года. Яна давала абвесткі пра знаёмства ў інтэрнэце, пасля перапісвалася і сазвоньвалася з мужчынамі, якія хацелі рамантычных адносінаў з ёй.

Кожнаму з пацярпелых маладая жанчына абяцала выйсці за яго замуж, але не збіралася гэтага рабіць: жаніхі не падазравалі, што яна ўжо ў афіцыйным шлюбе і да таго ж мае траіх дзяцей. У інтэрнэце махлярка размяшчала чужое фота прыватнай дзяўчыны. Праз пэўны час яна пачынала прасіць сваіх віртуальных кавалераў аб дапамозе і спасылалася на цяжкія жыццёвыя абставіны. “Стаўка была зробленая на агульначалавечыя прынцыпы маралі, узаемадапамогу, саўдзел у вырашэнні яе прыдуманых праблемаў”, — паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Адметна, што ні з кім з гэтых мужчын зламысніца ў жыцці не бачылася. Аднаму яна 8 разоў прызначала сустрэчу на аўтавакзале ў Лідзе, але ніводнага разу там не з’явілася.  

Яе афера раскрылася, калі адзін з падманутых мужчын узяў раздрукоўку тэлефонных злучэнняў з сім-карткі, якую даслаў сваёй “будучай жонцы” для сувязі па тэлефоне. Ён вылічыў абанента, з якім жанчына часцей за ўсё стэлефаноўвалася, і пазваніў яму сам. Высветлілася, што гэта яшчэ адзін падмануты жаніх. Пасля мужчыны разам пайшлі ў міліцыю.

Падчас расследавання крымінальнай справы следчыя выявілі яшчэ чатырох пацярпелых ад дзейнасці аферысткі. Жанчына абвінавачваецца паводле ч.4 арт.209 (махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры). Крымінальная накіраваная ў суд.