Севераданецк трымаецца і спрэчкі пра сяброўства Украіны ў ЕС: 107-я раніца вайны
Разбураны адміністрацыйны будынак у горадзе Баштанка Мікалаеўскай вобласці / Reuters
Севераданецк трымаецца, але расіяне знішчаюць усё на сваім шляху, піша раніцай у пятніцу кіраўнік Луганскай вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай.
"Яны нічога не адбудавалі за восем гадоў у Луганску, не спрабуюць нават аднавіць ваду або электрычнасць у Папаснай і Рубежным — толькі знішчаюць", — кажа ён. У Севераданецку больш няма Лядовага палаца, разбураны цэх вытворчасці аміяку на "Азоце " — адно з асноўных падраздзяленняў прадпрыемства. "Пазбавілі тысячы людзей ад надзеі на працу", - заўважае Гайдай. Паводле яго слоў, баявыя дзеянні ў Севераданецку працягваюцца, як і ў населеных пунктах Горскай і Папаснянскай грамады.
Паводле ацэнкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны, у Севераданецку ўчора расійскія войскі — пад прыкрыццём цяжкага артылерыйскага агню — працягвалі змагацца за прамысловую зону "Азот". Ім удалося дамагчыся нязначных поспехаў на поўнач ад Славянска, але эксперты Інстытута мяркуюць, што пры штурме самога горада ў расіян могуць узнікнуць цяжкасці. З-за тактычных праблем, звязаных з фарсіраваннем ракі Северскі Данец.
Расійскія войскі ўчора таксама паступова прасоўваліся на ўсход ад Бахмута. У Інстытуце лічаць, што баявыя дзеянні тут будуць працягвацца, у расіян стаіць задача перарэзаць ўкраінскія лініі сувязі на паўночным ўсходзе ад гэтага горада.
Севераданецк, Лісічанск і іншыя гарады Данбаса, якія праціўнік лічыць сваімі галоўнымі мішэнямі, трымаюцца. У Запарожскай вобласці УСУ паказваюць пэўныя станоўчыя вынікі. Пра гэта гаварыў у вячэрнім звароце прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Па яго словах, тут украінскім вайскоўцам удаецца зрываць планы праціўніка. Ёсць прасоўванне наперад і ў Харкаўскай вобласці.
У цэлым, паводле яго ацэнкі, франтавая сытуацыя за суткі – без істотных змен.
Штодня Украіна губляе на вайне ад 100 да 200 вайскоўцаў. Гэта заявіў у праграме Newshour BBC World Service дарадца кіраўніка Офіса ўкраінскага прэзідэнта Міхаіл Падаляк. Такія вялікія страты ён патлумачыў адсутнасць парытэту паміж украінскімі і расійскімі вайсковымі магчымасцямі. Ён зноў казаў пра тое, што Украіне патрэбная зброя — сотні, а не некалькі наймагутнейшых артылерыйскіх сістэм.
"Пакуль Расія не адчувае сур'ёзнага ваеннага паражэння, ніякая форма дыялогу не будзе магчымай, і яны будуць працягваць спрабаваць захапіць частку нашай краіны", — сказаў Падаляк.
Пытанне аб уступленні Украіны ў ЕС застаецца адкрытым. Большасць краін выступаюць за прадастаўленне краіне статусу кандыдата на ўступленне ў Еўрасаюз. Але Данія і Нідэрланды выступаюць супраць, піша Bloomberg.
Дыпламаты Даніі лічаць, што Украіна недастаткова адпавядае крытэрам, неабходным для атрымання статусу. Гаворка, перш за ўсё, ідзе аб стабільнасці інстытутаў дэмакратыі і вяршэнстве права. А Нідэрланды перакананыя, што Украіна цяпер "у цэлым на вельмі ранняй стадыі". Яна не гатовая ўзяць на сябе абавязацельствы адносна сяброўства ў ЕС і стварэння рынкавай эканомікі. На наступным тыдні, як чакаецца, выканаўчая ўлада ЕС парэкамендуе надаць Украіне статус кандыдата (калі будзе адабрэнне дзяржаў-сябраў).
З-за вайны цяперашні ўраджай ва Украіне можа скараціцца на 35%, заявіў першы намеснік міністра аграрнай палітыкі і харчавання Тарас Высоцкі ў каментары для CNN. Па яго словах, страчаныя 25% ворных зямель.
"Мы чакаем, што ўраджай будзе прыкладна на 35% менш, чым у папярэднія гады, гэта значыць прыкладна на 30 млн тон менш", — сказаў ён. Высоцкі таксама нагадаў журналістам, што Расія вывезла з акупаванай тэрыторыі Украіны каля 500 тыс. тон збожжа, гэта значыць, па сутнасці, скрала, кажуць у Кіеве. Украінскі намеснік міністра таксама абверг словы кіраўніка расійскага МЗС Сяргея Лаўрова, што вывезці збожжа з Украіны не дазваляе Кіеў, не хоча размініраваць акваторыю.
"Гэта няпраўда. Праблема ў расійскіх ваенных караблях, а не ў Украіне. Пакуль яны не дазваляюць рэальна бяспечна ўтрымліваць грамадзянскія караблі ва ўкраінскіх партах. Пакуль Украіна не атрымае гарантыі бяспекі ад імя міжнародных партнёраў, мы не можам казаць пра тое, што гэтыя караблі выходзяць", — сказаў Высоцкі.
Ён дадаў, што размініраваць тэрыторыю можна хутка, але спачатку павінна скончыцца вайна.