Сектантаў, якія агітавалі за дзяржаву "Трыадзіную Русь", будуць судзіць у Мінску

Палатно з выявай заснавальніка секты / МУС
Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы супраць "кіраўнікоў і паслугачоў" секты "Руская праваслаўная царква — Царская Імперыя". Матэрыялы справы перададзеныя ў Генпракуратуру для накіравання ў суд.
Звесткі пра затрыманне ўдзельнікаў секты з'явіліся ў жніўня 2024 года.
Адэпты руху прапаведавалі стварэнне дзяржавы "трыадзіная Русь". Сваіх паслядоўнікаў яны заваблівалі ў напаўразваленыя хаты закінутых вёсак на Гродзеншчыне і Віцебшчыне. "Пад кантролем арганізатараў людзі адракаліся ад дакументаў, сацыяльных выгод і медыцынскай дапамогі, абрываючы сувязі са знешнім светам, уключаючы родных і блізкіх. Уваходным білетам у гэты "свет" служылі шчодрыя ахвяраванні: грошы, каштоўная маёмасць і нерухомасць", — заяўляюць у СК.
Следчыя кажуць, што прыхільнікаў секты прымушылі прыносіць прысягу "неіснуючаму імператару", а таксама адмаўлялі "дзеючы дзяржаўны лад і законы, узурпуючы заканадаўчую, судовую і выканаўчую ўладу".
Аналагічныя секты дзейнічаюць у Расіі, Украіне і Малдове.
Беларускай ячэйкай кіраваў так званы мітрапаліт. "Ён, як кіраўнік, даваў указанні на падрыхтоўку агітацыйных матэрыялаў і напісанне фальшывых "малітваў", падрыхтоўку публікацый для экстрэмісцкіх інтэрнэт-рэсурсаў", — удакладняюць следчыя.
Паводле СК, арганізатары секты ставілі перад сабой радыкальныя мэты — "распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці, нянавісці да прадстаўнікоў традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў, а таксама вытворчасць, выданне, захоўванне, транспарціроўку і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў".
Пяці кіраўнікам секты выставілі абвінавачанні па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Кіраўніка беларускай ячэйкі абвясцілі ў вышук, бо ён пакінуў Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.